Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА распавёў пра галоўныя навацыі будучай уступнай кампаніі.

Сёлета плануюць прыняць у ВНУ на бюджэт 27,9 тысячы чалавек. Пры гэтым павялічыцца прыём будучых кадраў для Мінабароны – на 254 месцы, МНС – на 21 месца, сельгасгаліны – на 22 месцы, індустрыі спорту – на 30 месцаў.

Колькасць бюджэтных месцаў на медыцынскія спецыяльнасці скароціцца на 85 месцаў, спецыяльнасці культуры і мастацтва – на 60 месцаў.

Павялічылі тэрмін прыёму дакументаў на бюджэт

Дадатковы набор будзе праходзіць па дзённай бюджэтнай форме ад 26 да 29 ліпеня. Для ВНУ сілавога блока – ад 24 да 27 ліпеня, для творчых – ад 30 ліпеня да 1 жніўня.

Мінадукацыі папярэджвае: нездавальняючыя адзнакі па выніках ЦТ для тых, хто паступае ў асноўныя тэрміны уступнай кампаніі, і для тых, хто паступае па дадатковым наборы, змяншаць не будуць.

Усе дакументы Мінадукацыі, якія рэгламентуюць правядзенне ўступнай кампаніі ў 2015 годзе, цяпер знаходзяцца на юрыдычнай экспертызе. Яны будуць апублікаваныя ў бліжэйшы час. Аднак некаторыя навацыі сталі здабыткам грамадскасці.

У параўнанні з 2014 годам павялічаныя на 2 дні тэрміны прыёму дакументаў на бюджэт – ад 8 да 15 ліпеня. Уступныя іспыты ў ВНУ пройдуць ад 16 да 21 ліпеня.

А прыём дакументаў на платнай аснове ў ВНУ будзе праходзіць ад 8 ліпеня да 2 жніўня. Больш раннія часавыя рамкі прыёмнай кампаніі ўстаноўленыя для спецыяльнасцяў, якія патрабуюць спецыяльнага прафесійнага адбору (творчыя, ваенныя).

З’явіліся новыя спецыяльнасці

Абітурыенты змогуць паступаць на “інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у харчовай прамысловасці)” – такую спецыяльнасць упершыню прапануе Магілёўскі ўніверсітэт харчавання.

У Беларускім эканамічным універсітэце адкрытая спецыяльнасць “нацыянальная эканоміка”, у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Полацкім універсітэце – “геаінфармацыйныя сістэмы”. Ануляваны напрамак спецыяльнасці “геаграфія” – “геаінфармацыйныя сістэмы”, бо адкрыта цэлая спецыяльнасць.

У пераліку ўступных выпрабаванняў – кітайская мова

 Цэнтралізаванае тэставанне будзе праходзіць ад 14 да 27 чэрвеня, рэзервовы дзень – 2 ліпеня.

У адзін дзень (27 чэрвеня) плануецца здача двух прадметаў – сусветная гісторыя найноўшага часу і геаграфія.

Аплата за рэгістрацыю на ЦТ павялічылі з 10 тысяч рублёў  да 18 тысяч рублёў.

Дакументы на рэгістрацыю з гэтага года могуць падаваць прадстаўнікі абітурыентаў – у выпадку адсутнасці саміх па ўважлівай прычыне. Раней дакументы можна было падаваць толькі асабіста. Гэтая навацыя распаўсюджваецца і на атрыманне сертыфікату ЦТ.

Захаваныя льготы пры паступленні на педспецыяльнасці

Без экзаменаў могуць паступіць залатыя і сярэбраныя медалісты.

Пералік педагагічных спецыяльнасцяў, на якія абітурыенты  могуць залічвацца без уступных выпрабаванняў па рэкамендацыі ўстаноў адукацыі, застаўся нязменным. У спісе 22 спецыяльнасці, з імі можна азнаёміцца на партале Міністэрства адукацыі.

У пералік увайшлі так званыя вострадэфіцытныя спецыяльнасці: “дашкольная і пачатковая адукацыя”, “гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”, “біялогія”, “хімія”, “геаграфія”, “матэматыка”, “інфарматыка”, “фізіка”, “тэхнічная творчасць”, “беларуская мова і літаратура”.

Застануцца льготы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці

Бал цэнтралізаванага тэставання па профільных прадметах пры паступленні ў ВНУ сельгаспрофілю будзе ніжэйшы, чым у іншыя ўніверсітэты. Мінімальны бал, які павінен набраць абітурыент, – не ніжэй за 5.

Кошт навучання зменіцца, асабліва для навучэнцаў першага курса, але ненамнога.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў: у бліжэйшы час колькасць ВНУ ў краіне не зменшыцца. Аднак праз некаторы час пройдзе аптымізацыя ВНУ.

Навучэнцы могуць вучыцца ў ВНУ па скарочаным тэрміне

Змяняюцца парогавыя балы, якія трэба набраць на тэставанні, каб паступіць у ВНУ