Моднае мерапрыемства “Хуткія знаёмствы”, або як называюць ва ўсім свеце Speed Dating, нарэшце, прыйшло і ў Маладзечна.

14 мая хлопцы і дзяўчаты, якім не хапае часу або смеласці знаёміцца ў паўсядзённым жыцці, могуць паўдзельнічаць у спецыяльным праекце, які адбудзецца ў кавярні “Калумб”.

Мерапрыемства прой­дзе ў межах фестывалю “Час жыць”. Арганізатар сустрэчы Ганна Кічыгіна пагадзілася расказаць пра такія знаёмствы і адказаць на пытанні тых,  хто хоча ўдзель­нічаць, але не ведае чаго ад гэтага чакаць.

Такія сустрэчы даўно не навіна. З’явіліся яны яшчэ ў 90-х гадах. Вось, нарэшце, дабраліся і да нас.

Сэнс “хуткіх знаёмстваў” у тым, што за адзін вечар можна пазнаёміцца з 10-15 прадстаўнікамі супрацьлеглага полу і затым выбраць, з кім з новых знаёмых працягнуць сяброўства, дзелавыя або рамантычныя адносіны.

– Як працуе прынцып “хуткіх знаёмстваў”?

– Дзяўчаты ў пачатку вечара займаюць месцы за столікамі ў кавярні. Вядучы дае сінгал, і да іх за столікі падсаджваюцца хлопцы. 5-7 хвілін пары размаўляюць, затым па сігнале вядучага хлопцы перасаджваюцца за наступны столік. Паралельна ў гэты час і хлопцы і дзяўчаты запаўняюць карту сімпатый, якую атрымалі ў пачатку вечара.

Карта сімпатый – гэта так званая шкала, па якой арганізатары потым вызначаюць, ці трэба даваць кантакты новым знаёмым. Калі сімпатыі ў хлопца і дзяўчыны супалі, то арганізатары даюць тэлефон абаім.

– Калі ж, напрыклад, хлопец упадабаў дзяўчыну, а яна яго не, то кантакт хлопца мы дадзім дзяўчыне, а яна ўжо зможа вырашыць, ці тэлефанаваць яму. Ці наадварот. Акрамя тэлефонаў, мы можам абмяняць удзельнікаў е-мэйламі або адрасамі старонак у сацыяльных сетках.

Падчас мерапрыемства верагодны і перапынак, каб тыя, хто пазнаёміўся, маглі пагутарыць за кубкам кавы, не паглядаючы на гадзіннік.

– Хто прыходзіць на такія вечары знаёмстваў?

– Гэта сустрэча ў Маладзечне першая, таму я дакладна не магу сказаць, хто на яе прыйдзе, але, як паказвае досвед іншых сустрэч, сюды прыходзяць людзі, якіх цікавяць знаёмствы з новымі людзьмі, людзі, якім шкада марнаваць свой час у інтэрнэце.

– Да якога ўзросту можна ўдзельнічаць у “хуткіх знаёмствах”?

– На нашай сустрэчы будуць праходзіць знаёмствы ў дзвюх групах. У адной узрост удзельнікаў 18-24 гады, у другой групе – ад 25 да 30 год.

– Ці дастаткова пяці хвілін, каб пазнаёміцца і спадабацца адзін аднаму?

– Існуе шмат прыкладаў, калі для таго, каб зразумець, ці твой гэта чалавек, дастаткова і хвіліны. “Хуткія знаёмствы” – не выключэнне. Калі будзе імпульс, то працягнуць знаёмства пасля завяршэння мерапрыемства ніхто вам не забароніць.

– Як апранацца на такое мерапрыемства?

– У нас дрэс-кода няма, але відавочна, каб спадабацца супрацьлегламу полу, трэба выглядаць прыстойна. Я не рэкамендавала б прыхо­дзіць ні ў трэніровачных касцюмах, ні ў вячэрніх сукенках з аголенымі плячыма. Усё павінна быць у меру.

– Навошта папярэдне рэгістравацца перад сустрэчай?

– Мы павінны гарантаваць удзельнікам сустрэчы аднолькавую колькасць хлопцаў і дзяўчат. Таму ўжо сёння можна зарэгістравацца ў нашай суполцы ў сацыяльнай сетцы або патэлефанаваць мне: +37529 7662758. Для таго, каб зарэгістравацца, нам трэба ведаць ваша імя, узрост, кантакты. 

Перавага “хуткіх знаёмстваў”

1. Эфектыўнасць. На сустрэчы вы не сустрэнеце выпадковых людзей. Усе, хто прыйдуць, будуць шукаць у вас тое самае, што і вы ў іх – узаемнасць ў інтарэсах, у поглядах.

2. Жывыя стасункі. На вечарыне вас чакаюць рэальныя, а не віртуальныя сустрэчы. І позірк вочы ў вочы – гэта ўжо абяцанне нечага большага, чым бяздушная перапіска ў сеціве.

3. Камфортныя ўмовы. Усё дзеянне адбываецца ва ўтульным месцы, у асобнай зале, у камфортнай атмасферы. Прыемная музыка і кубачак кавы дапамогуць расслабіцца і нададуць зносінам асаблівую лёгкасць і натуральнасць. Калі вам не падабаецца той, з кім вы знаёміцеся зараз, то па сцэнары гульні – гэтая сустрэча будзе доўжыцца ўсяго 5 хвілін, а затым будзе новае знаёмства. І вам не трэба прыдумваць адгаворкі для таго, каб не працягваць знаёмства.

4. Бяспека і прыватнасць. Важкім аргументам на карысць “хуткіх знаёмстваў”  з’яўляецца бяспека ўсіх удзельнікаў. Кантакты і імёны ўдзельнікаў даступныя толькі арганізатарамі і толькі з вашай згоды могуць быць перада­дзеныя некаму яшчэ.

5. Эканомія. Рэальных знаёмстваў больш, а выдаткаў менш, чым паход у начны клуб або 10 спатканняў ўсляпую, напрыклад.