Да 1 мая на Маладзечаншчыне ў месцах для адпачынку плануюць адрамантаваць навесы, абсталяваць грамадскія прыбіральні, кабіны для пераапранання.

Падсыпаць і грэйдарам прайсціся па пад’язных дарогах, зрабіць стаянку з адпаведным знакам. Устанавіць буйкі, за якія нельга заплываць, інфармацыйны стэнд і шчыт з выратавальнай маёмасцю.

– На працягу купальнага сезона будуць арганізаваныя дзяжурствы выратавальнікаў, – гаворыць кіраўнік Маладзечанскай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Аляксандр Семашкевіч. – Пачысцяць дно вадаёмаў, пазбавяцца ад надводнай расліннасці.

Па меры неабходнасці будуць вывозіць смецце з тэрыторыі вадаёмаў.

Добраўпарадкуюць тэрыторыю ў месцах адпачынку і ў іншых раёнах.

Раён

Месцы для адпачынку (пляжы)

Астравецкі

тры пляжы на возеры Янаўскае каля вёскі Ізабеліна

Валожынскі

у вёсцы Гардынава, Сакаўшчынскае вадасховішча, “Жоўты беражок” на Бярэзіне. Плануюць адкрыць спецыялізаванае месца для адпачынку ў вёсцы Багданава

Вілейскі

пляж “Сонечны” па Савецкай у Вілейцы, Вілейскае вадасховішча, сажалка ў вёсцы Асіпавічы

Маладзечанскі

вадаём Удранка ў гарадскім пасёлку Радашкавічы, вадаём санаторыя “Сасновы бор”, вадаёмы ў пасёлку Беразінскае, вадаём дома адпачынку “Алеся”, вадаём побач з Хажовам

Мядзельскі

на азёрах Мястра, Белае, Балдук, Нарач, Мядзел, Болцік, Расохі, Глубелька. Па тры пляжы будуць на возеры Вялікія Шквакшты і  на возеры Глубля, па два на возеры Воўчына і на возеры Вішнеўскае. Пляж паміж азёрамі Глубля і Глубелька.

31 месца для адпачынку вызначылі сёлета на Мядзельшчыне, сярод іх Белае возера. Фота Алеся Высоцкага.

31 месца для адпачынку вызначылі сёлета на Мядзельшчыне, сярод іх Белае возера. Фота Алеся Высоцкага.

Фота Алеся Высоцкага.

Фота Алеся Высоцкага.

Распальваем вогнішча па правілах

Перад сезонам адпачынкаў чытачы “РГ” цікавіліся, ці можна распальваць вогнішчы каля рэк і азёр. Калі так, то якім чынам.

Як нагадвае МНС, распальваць вогнішчы каля рэк і азёр можна толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах, а таксама на прысядзібных участках, калі выконваць пэўныя правілы:

1. Адлегласць да пабудоў павінна быць не менш за 10 метраў.

2. Трэба падрыхтаваць сродкі пажаратушэння: рыдлёўку, ваду.

3. За вогнішчам павінны сачыць чалавек, які не будзе дапускаць далейшага распаўсю­джвання агню.

4. Пляцоўка, дзе распальваюць вогнішча, павінна быць абкапаная.

Інспектар нагляду і прафілактыкі Вілейскага РАНС Андрэй Балаш нагадвае, што за няправільнае распальванне вогнішча на сваёй тэрыторыі пагражае штраф да 30 базавых велічынь (да 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў). Калі ў забароненых месцах, то да 12 базавых велічынь (да 2 мільёнаў 160 тысяч рублёў).