МУС змяніла інструкцыю аб парадку прыёму экзаменаў на права кіравання механічным транспартным сродкам.

Экзамены праводзяцца паслядоўна: спачатку тэарэтычны, затым практычны. Таму, хто здаў тэорыю, можна здаваць практыку на працягу наступных шасці месяцаў. Не паспеў – тэорыю трэба пераздаваць нанова.

Як будзе праходзіць тэарэтычны экзамен

Тэарэтычны экзамен павінен доўжыцца не больш за 15 хвілін, па білетах на паперы – не больш за 30 хвілін.

Ацэнку “здаў” атрымлівае той, хто памыліўся толькі адзін раз, не больш. Той, хто за гэты час не паспеў адказаць на ўсе пытанні, атрымлівае ацэнку “не здаў”.

У горадзе дазволілі выкарыстоўваць навігатар

Практычны экзамен на вучэбным аўтамабілі праходзіць у два этапы: на аўтадроме (“пляцоўка”) і ва ўмовах рэальнага дарожнага руху (“горад”).

Пераздаць любы з экзаменаў можна не адразу – не раней, чым праз шэсць дзён пасля апошняй спробы. Калі не здалі тэорыю або практыку з трэцяй і далей спробаў, пераздаць можна толькі праз 30 дзён.

У горадзе дазволілі выкарыстоўваць GPS-навігатар. Адпаведнае рашэнне прымаецца старшынёй экзаменацыйнай камісіі па ўзгадненні з экзаменатарамі. Тады экзаменатар перад пачаткам іспыту ўносіць выпрабавальны маршрут у навігатар.

Калі курсант здаў экзамены, атрымаў экзаменацыйную картку, але не падаў яе ў ДАІ для атрымання пасведчання кіроўцы на працягу трох гадоў, тэорыю і практыку прыйдзецца здаваць нанова.

Новаўвядзенні ўступаюць у сілу 26 красавіка.