Ад 19 красавіка пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на паспяховае правядзенне пасяўной.

Падчас іх будуць сачыць за захаваннем насення, мінеральных угнаенняў, ядахімікатаў, сельскагаспадарчай тэхнікі. Будуць знаходзіць і ліквідаваць прычыны, якія садзейнічаюць крадзяжам з аб’ектаў аграпрамысловых комплексаў.

Сёлета зарэгістравалі 273 злачынствы, з іх 176 крадзяжоў. На 32,3% вырасла колькасць крадзяжоў з усіх формаў уласнасці.

25 лютага невядомы з ААТ “Купала-Агра” ў аграгарадку Гранічы скраў 100 літраў паліва, два джойсцікі і блок кіравання з трактароў на агульную суму 14 мільёнаў рублёў.

Што пагражае за крадзяжы

Маладзечанскі РАУС нагадвае, што за такія правапарушэнні пагражае адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

 За дробны крадзеж пагражае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (базавая велічыня 180 тысяч рублёў) альбо адміністрацыйны арышт. Калі дробны крадзеж ўчынены на працягу года, пагражае штраф ад 30 да 50 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт.

Тайны крадзеж маёмасці караецца грамадскімі работамі альбо штрафам, альбо выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, альбо арыштам на шэсць месяцаў, альбо абмежаваннем волі на той жа тэрмін.

За паўторны крадзеж альбо ўчынены групай асоб альбо з пранікненнем у жыллё караюць выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, альбо арыштам ад трох да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі да чатырох гадоў.

За крадзеж у буйным памеры пагражае пазбаўленне волі ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці альбо без.

Крадзеж, здзейснены арганізаванай групай альбо ў буйным памеры, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Калі вам стала вядома інфармацыя пра здзейсненае злачынства, Маладзечанскі РАУС просіць тэлефанаваць на наступныя нумары: 102, (80176) 771656, (80176) 771488, (80176) 774411.

Паводле начальніка аддзела Маладзечанскага РАУС Валянціна Асіповіча.