На плошчу Свабоды ў Вілейцы заязджае вясельны картэж, які складаецца з пяці рэтра-машын. Усе машыны маркі ГАЗ-21 “Волга”.
Чорная, белая, чырвоная, шэрая і бэжавыя машыны гудзяць, быццам гаворачы: “Сустракайце маладых, едзе незвычайнае вяселле”.
Вяселле і праўда незвычайнае. Бярэцца шлюбам той, хто, уласна, і дае новае жыццё старым аўто – рэстаўратар з Вілейкі Анатоль Курдэка. Жонку Анатоля завуць Паліна.
Пазнаёміліся маладыя яшчэ 13 гадоў таму, на танцах у Вілейцы.
Толькі пачынаем гутарыць з жаніхом і нявестай пра гісторыю іх знаёмства, як у чорнай “Волгі” адвальваецца фара. Жаніх раскрывае багажнік, дастае інструмент і пачынае прыкручваць фару назад.
– Машыны такія тым харошыя, што рамантуюцца пры дапамозе лому, адвёрткі і мата – кажа Анатоль.
Фота Настассі Роўды.
А захапіўся Анатоль рэтра-машынамі выпадкова, гадоў пяць таму.
– Да гэтага ўсё больш фанацеў ад матацыклаў, а тут купіў машыну, спадабалася.
Неўзабаве ў аўтапарку Анатоля з’явілася яшчэ адна машына.
– Магу сказаць, што захапленне рэтра-машынамі – не таннае, забірае як шмат грошай, так і шмат часу.
І рэстаўрацыю скончыць нельга, таму што можна нешта дарабляць і дарабляць увесь час.
Бліскучыя машыны, якія выглядаюць як новыя, не могуць пакінуць раўнадушным аматараў даўніны.
– Да мяне звяртаюцца людзі з просьбай прадаць машыну, але я пакуль не гатовы расстацца са сваім дзецішчам.
Захапленне цяпер перарасло ў крыніцу даходаў. Мой міні-аўтапарк сталі арандаваць на вяселлі, фотасесіі і іншыя ўрачыстасці.
Пабраўшыся шлюбам з найпрыгажэйшай жанчынай Вілейкі, як кажа Анатоль, у яго засталася толькі адна мара – займець у сваім аўтапарку легендарную “Чайку”.