Пакуль голад і сытасць навучыліся кантраляваць у мышэй, але ўжо працуюць над лекамі для чалавека.

Міжнародная група навукоўцаў знайшла ў мозгу чалавека асаблівы рэгіён, што адказвае за сігналы голаду і сытасці. Эксперыменты паказалі, што голад можна адключыць, пішуць даследчыкі ў часопісе Nature Neuroscience.

Адчуванне сытасці атрымалася паспяхова адключыць у мышэй. Затым было дасягнута і адваротнае – у мышэй адключылі адчуванне голаду.

Група Брэдфарда Лоўэла з Гарвардскага ўніверсітэта (ЗША) апошнія 20 год даследуе часткі мозгу, меркавана звязаныя з адчуваннямі і рысамі чалавека.

У гіпаталамусе яны знайшлі асаблівую групу AgRP-нейронаў, што адказваюць за звязаныя з ежай адчуванні. Уключыць гэтыя нейроны, адключыўшы адчуванне сытасці, атрымалася хутка.

Значна пазней атрымалася вылучыць групу MC4R-нейронаў у іншай частцы гіпаталамусу. Іх выключэнне ў мышэй прывяло да таго ж эфекту, што і ўключэнне AgRP-нейронаў – мышы пачалі бесперапынна есці. Іх прымусовае ўключэнне дала чаканы адваротны вынік.

Навукоўцы дазволілі мышам “самастойна” ўключаць MC4R-нейроны. Дакладней, MC4R-нейроны прымусова ўключалі, калі мышы заходзілі ў адмысловы пакойчык у клетках. Мышы праводзілі ў пакойчыку большую частку часу, калі доўга не елі. Але калі елі нядаўна, не праяўлялі цікаўнасці да пакою, што “ўключае” MC4R-нейроны.

Група Лоўвэла сёння працуе над лекамі для чалавека, заснаванымі на працы нейронаў у галаўным мозгу.

Калі атрымаецца вырабіць такія лекі без пабочных эфектаз, яны стануць альтэрнатывай дыетам у барацьбе з лішнімі кілаграмамі.

Аляксандр АРСЁНАЎ, “Наша ніва“.