Падробленую прадукцыю Ашмянскага сыраробнага завода знайшоў на паліцах крамы ў Ніжнім Ноўгарадзе дырэктар прадпрыемства “Маладзея” Уладзімір Бобрык.

– Калі Валожынскі філіял нашага прадпрыемства быў на рамонце, мы  сыр на дагаворнай аснове выпускалі ў Ашмянах. Тады я дакладна запомніў, як выглядае фірменная этыкетка. Таму адразу заўважыў падман. І гэта не адзіны выпадак, калі прадукцыя нашага завода падрабляецца ў Расіі. Два гады таму быў выпадак з падробкай вілейскага масла.

Натуральны прадукт з падробкай канкураваць не можа

– Пра тое, што ў Расіі падрабляюць наш сыр, нам вядома яшчэ з года 2010-2011, – кажа спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці Ашмянскага сыраробнага завода Максім Ляпеха.

 Цяпер прыкладна раз на месяц пакупнікі з Расіі паведамляюць пра тое, што знайшлі падроблены сыр.

– А вы якія меры прымаеце, каб пазбегнуць такіх выпадкаў?

– Мы практычна нічога не можам зрабіць. Падробкай жа займаюцца не магазіны, не салідныя фірмы, а ценявыя фірмы, з сумнеўнай рэпутацыяй. Іх у Расіі безліч. Знікае адна, з’яўляецца іншая. Нам застаецца толькі абараняць сваю прадукцыю.

Робіць гэта Ашмянскі сырзавод пры дапамозе фірменных этыкетак, вадзяных знакаў. Апошнім часам назву завода сталі выбіваць на самой сырнай галоўцы.

Максім Ляпеха тлумачыць, што з-за дзейнасці такіх фірмаў яны губляюць сваіх кліентаў:

– Наша натуральная, цалкам зробленая з малака, прадукцыя не можа канкураваць з таннымі аналагамі. Вытворцы падробкі выкарыстоўваюць танны пальмавы алей, тым самым змяншаюць сабекошт прадукцыі.

Такія прадукты, у складзе якіх прысутнічае раслінны тлушч, павінны называцца сырным прадуктам. А на справе атрымоўваецца, што такія вытворцы падманваюць пакупнікоў. Выдаюць прадукт за натуральны сыр.

Мы ў сваёй прадукцыі ўпэўненыя. А расіянам трэба быць пільнымі

Дырэктар вілейскага філіяла Марына Вазняк з неахвотай успамінае выпадак, калі ў Расіі падрабілі іх масла:

– Вельмі непрыемна было, калі даводзілася апраўдвацца ў сітуацыі, дзе я на 100 працэнтаў упэўненая ў якасці нашых прадуктаў. Тады ўсе доказы, дакументы, якія мы мелі, перадалі нашым праваахоўным органам. І больш не цікавіліся развіццём падзей. Больш такіх выпадкаў падробкі мы не чулі, а ці знайшлі вінаватых у той, мы так і не ведаем.

Марына Пятроўна кажа, што абараніць прадукцыю вельмі цяжка, таму што ў Расіі беларуская прадукцыя вядома сваёй якасцю і падрабляць яе камусьці выгадна.

– Я магу запэўніць толькі ў тым, што беларускія пакупнікі набываюць якасную прадукцыю, а расіянам трэба быць пільнымі.