Маладзечанскія кіроўцы, аб’яднаныя рацыяй “Без тармазоў”, вырашылі ад сябе павіншаваць кожнага ветэрана, хто прыйдзе на плошчу 9 мая. 

Арганізатары мерапрыемства Аляксандр Казлоў, Арцём Лантас і Цімафей Ліс прапанавалі ўсім жадаючым далучыцца да іх ініцыятывы. Сэнс акцыі ў тым, што 9 мая кожны жадаючы зможа далучыцца да актывістаў суполкі. Маладыя людзі плануюць паўдзельнічаць у парадзе, затым уручыць кветкі самым пачэсным гасцям мерапрыемства – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

– Для нас 9 мая – гэта не мерапрыемства дзеля птушачкі, – гаворыць Аляксандр. – Мы хочам выказаць сваю павагу ветэранам за тое, што яны зрабілі для нас, далёкіх 70 год таму.

– Мы гутарылі з удзельнікамі суполкі, – працягвае Арцём, – амаль кожнаму ёсць што расказаць пра тое, які след пакінула ў іх сем’ях вайна. Напрыклад мая бабуля Серафіма Карлоўна Бажко (Жагоўская) можа расказваць пра вайну гадзінамі.

Калі пачалася вайна, ёй было 11 гадоў. Жыла сям’я бабулі ў вёсцы Драні, што на Маладзечаншчыне.

Быў выпадак, калі ў вёсцы забілі двух немцаў. Фашысты, каб адпомсціць жыхарам вёскі, хацелі спаліць вёску разам з жыхарамі. Выкапалі вялізны роў, прывялі да яго людзей.

Але адзін немец, якога звалі Вальдэмар, заступіўся за жыхароў, сказаў, што тыя ні ў чым не вінаватыя. Так вёска засталася жыць.

А другі выпадак, пра які да сёння ўзгадвае бабуля, гэта той, калі яна павяла карову на пашу. Вярталася дадому і каля яе разарваўся снарад. Маці маёй бабулі, убачыўшы гэта, вырашыла, што дачку забіла. А бабуля схавалася ў яміну ад снарада, бо падумала, што будуць яшчэ страляць. Такіх гісторый, мяркую, шмат у кожнага ветэрана. І падарыць кветку і паціснуць руку – гэта самае дробнае, што мы можам зрабіць для іх, – падсумаваў Арцём.

Арганізатары мерапрыемства Аляксандр Казлоў і рцём Лантас

Арганізатары мерапрыемства Аляксандр Казлоў і рцём Лантас

– Мы ўдзячныя ветэранам за ўсе цяжкасці, страты, якія выпалі на іх жыццё, – кажа Аляксандр. – Дзякуючы здабытай імі перамозе, зараз мы жывем у міры. Дзякуй Вам за нашае шчаслівае жыццё, за будучыню краіны. Мы ганарымся Вамі! Нізкі Вам паклон ад удзячных нашчадкаў!

8000 маладзечанскіх кіроўцаў аб’ядналіся, каб дапамагаць адзін аднаму