Першыя модныя моўныя курсы ў Маладзечне збіраюць цягам года тых, хто любіць беларушчыну.
Пра тое, як год таму трэсліся калені, а сёння ўжо нічога не страшна, распавядаюць вядучыя “Мовы нанова” ў Маладзечне Наталля Тур і Настасся Роўда.
Настасся: Адзін раз прыходзіць 50 чалавек, іншы раз 20, але ўвесь час далучаюцца і новыя людзі. Значыць, курсы сталі патрэбнымі, пра іх расказваюць.
Фота Зоі Хруцкай.
Наталля: Для мяне год прынёс хутчэй не абстрактных наведнікаў, а суполку беларускасці, з удзельнікамі якой мы знаёмыя асабіста. Мы з імі спісваемся, размаўляем.
Настасся: І больш за тое, потым мы сустракаемся ў Вязынцы, на розных імпрэзах, грамадскіх падзеях. Бачым на фотках з розных падзей. Гэта людзі, неабыякавыя да жыцця, у іх ёсць патрэба жыць актыўна.
Зоя: Гаворачы пра беларускамоўную суполку ў горадзе, то вы сталі яе тварам. Адчуваеце адпаведныя абавязкі?
Фота Зоі Хруцкай.
Настасся: Я заўсёды выбіраю, што дзе гавару і пішу, а пра што маўчу. Адчуваю адказнасць, бо гэта можа быць для кагосьці важным.
Наталля: Я не думала так. Працягваю рабіць, што лічу правільным. Мяне гэта ніяк не звязвае.
Курсы “Мова Нанова” праходзяць штоаўторак у бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок” па Вялікім Гасцінцы. Пачатак а 18-й гадзіне. У Астраўцы – па серадах а 18-й гадзіне ў гімназіі №1. Уваход вольны.
Зоя: Ці маглі б вы дасягнуць папулярнасці курсаў, каб зацыкліваліся на адной толькі мове?
Настасся: Для мяне важна, што, паводле водгукаў, гэта адзіная грамадская пляцоўка беларушчыны ў Маладзечне. І ў наведнікаў ёсць жаданне чуць мову. Але мы не можам абмяжоўвацца толькі мовай. Гэта папросту стала б нецікава. Ведай сваю культуру, гісторыю і цікаўся тым, што адбываецца навокал – мы вось хочам даць. Аб’яўляем пра розныя імпрэзы, канцэрты, каб студэнты шукалі беларускасць за межамі курсаў.
Фота Зоі Хруцкай.
Наталля: Мова – не самамэта, гэта сродак. Мы ствараем пляцоўку. Многія толькі на нашых курсах пазнаёміліся з такімі асобамі, ад якіх захоплівае дух. Напрыклад, з бардам Віктарам Шалкевічам. Мы гаворым на розныя тэмы: інваліднасць, святы, зоркі.
Настасся: Запрашаем беларускамоўных дактароў, барменаў. У гэтым і сэнс – паказаць, як даць месца мове ў самых-самых розных праявах жыцця. Тут вельмі розныя людзі, аб’яднаныя толькі тым, што ім падабаецца размаўляць на беларускай мове. Яны знаходзяць суразмоўцаў, з якімі не будзе няёмкай сітуацыі, а на якой жа нам мове загаварыць. Курсы не так проста называюцца сучаснымі і моднымі.
Мы сваім прыкладам, прыкладам паспяховых прыгожых і адукаваных людзей паказваем, што мова – гэта крута! І мы робім праз курсы мову трэндам. А да трэнду ўсе хочуць далучацца.
Наталля: Для нас важны прыклад Глеба Лабадзенкі, стваральніка курсаў. У сённяшняй Беларусі мову зрабіў моднай ён. І для нас вельмі спрасціў шлях – падказаў памылкі ў стасунках, у планаванні заняткаў, падачы. Таму што мае багаты досвед як вядучы мінскіх курсаў.
Настасся: Калі ёсць такі прыклад, то мусіш трымацца ўзроўню.
Першыя заняткі “Мовы нанова” адбыліся летась
7 мая. Свята ў гонар юбілею зладзілі на занятках 5 мая.
Зоя: Ці верылі вы ў поспех год таму? Прыгадайце, як пачыналі.
Настасся: Калені трэсліся (смяецца)! Было незразумела, ці трэба гэта камусьці. Мы мянялі месцы, столькі перашкод было, што, азіраючыся, бачым, нібыта прайшлі агонь і ваду. Настолькі шмат усяго было, што здаецца – ну што можа быць горш за тое, што ўжо было. Калі за дзве гадзіны табе адмаўляюць усе госці, якіх ты праанансаваў, а ты стаіш і апраўдваешся.
Наталля: Неяк тры тыдні да нас увогуле ніхто не ехаў.
Настасся: Здаецца, як мы гэта перажылі? Але што мяне, што Наташу гэта навучыла стасункам з людзьмі і разуменню, як з кім працаваць.
Наталля: І па гэтых арганізацыйных пытаннях зусім па-іншаму даведваешся пра нашых вядомых людзей. Ёсць тыя, ад якіх мы проста ў захапленні, а паводзіны некаторых… Ну, больш мы з адной спявачкай працаваць не хацелі б.
Зоя: Наташа, табе досвед працы ў школе дапамагаў ці замінаў?
Наталля: Спачатку пару разоў прыкрыквала. А як інакш, калі стаіш, распінаешся, а яны сваімі справамі займаюцца.
Зоя: А ў цябе, Настасся, ці была няёмкасць, што вучыш людзей нават вельмі паважнага ўзросту?
Настасся: Я ўжо прайшла гэты бар’ер, працуючы журналістам. Я разумею, што не тое, каб вучу, а прапаную інфармацыю, якую маглі б знайсці яны, але падрыхтавала я.
Зоя: Чаго новага чакаць ад маладзечанскай “Мовы нанова”?
Наталля: Магчыма, у перспектыве з’явіцца “Мова нанова дзеткам”. Мяркую, гэта нават больш запатрабавана, улічваючы, што беларускамоўных садкоў і школ адзінкі.
Настасся: Магчыма, з цягам часу далучацца іншыя вядучыя. Мы і цяпер толькі рады, калі хтосьці гатовы далучыцца. Прыйдуць новыя людзі, якія будуць расці з намі і вучыць нас. Хочам, каб больш прыходзілі са школ. Я ўвогуле вельмі хачу, каб людзі былі больш актыўнымі і часцей ўставалі з канапы! І прыходзілі ў нашу цудоўную кампанію “Мовы нанова”!
Што гавораць пра “Мову нанова” ў Маладзечне
Глеб Лабадзенка, адзін са стваральнікаў “Мова нанова”, вядучы курсаў у Мінску:
− Маладзечанскія курсы вядуць прыгожыя дзяўчаты, сапраўдныя зоркі “Рэгіянальнай газеты”. Умеюць дамовіцца і з гасцямі, і з музыкантамі. Прыемна, што курсы адбываюцца не абы-дзе, а ва ўтульнай бібліятэцы “Верасок”, якая месціцца вельмі зручна для гараджан. Мару, каб на маладзечанскія курсы прыходзіла 100 і болей чалавек − яны гэтага вартыя!
Вольга Мацюшонак, студэнтка курсаў:
− На курсы “Мова нанова” запрасіла сяброўка. І мне адразу вельмі спадабалася сяброўская атмасфера курсаў. Усё адбываецца ў лёгкай, гульнявой форме. Прыема правесці час з цікавымі людзьмі, паразмаўляць ды яшчэ і набыць новыя веды.
Карэспандэнтка “РГ” Настасся Роўда заняла трэцяе месца на конкурсе “Вольнае слова”
Сярод фіналістаў “Вольнага слова” журналісткі “РГ” Наталля Тур і Настасся Роўда