У шафе ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Чавялёва няма кіцеля. Медалі ляжаць у кардоннай каробцы. Амаль кожны запакаваны ў асобны пакецік. Сярод узнагарод ордэн Вялікай Айчыннай вайны 2 ступені, медаль за баявыя заслугі і яшчэ 23 медалі.

– Рыгор Афанасевіч сам запакаваў кожны медаль, калі яшчэ мог. На каробачцы яго рукой напісана: 24 медалі і 1 ордэн, – кажа жонка ветэрана Тамара Еўдакімаўна. 

Унук, а не дзядуля-ветэран, часам чапляў іх на сябе і гуляў у вайну.

Пра гэтую сям’ю, дзе жыве 88-гадовы ветэран, распавяла іх суседка. Завітваем да Чавялёвых без папярэджання.

– Заходзьце, калі ласка, – кажа Тамара Еўдакімаўна, быццам нас чакала.

Напярэдадні свята 9 мая ў іх невялікай кватэры бывае шмат людзей. Нечаканым гасцям не здзіўляюцца.

– То са школы восьмай прыйдуць, то ўнукі завітаюць, то сын, то з былой працы мужа зойдуць, – распавядае жанчына. – Са школы на 23 лютага сямёра вучняў прыйшло!

Размаўляем з ёй. Рыгору Афанасевічу цяжка рухацца. Ён амаль увесь час на ложку. Гаварыць таксама цяжка. Часам спадарыня Тамара падыходзіць да яго, каб удакладніць дэталі.

– Калі з працы пайшоў? – пытаецца.

Пачуўшы адказ, удакладняе:

– 30 красавіка 1996 года?

Дагэтуль 21 год ён адпрацаваў у маладзечанскай газавай службе. А перад гэтым – служыў у войску.

Пра ваенны шлях нашага героя мы так і не даведаліся. Тамара Еўдакімаўна адмахваецца:

– Не ведаю, мы ніколі пра вайну не гаварылі. Я не пыталася, а ён не расказваў. Сын толькі распытваўся, але два гады таму яго не стала.

У Маладзечна сям’я Чавялёвых прыехала ў 1969 годзе. Рыгор Афанасевіч нарадзіўся на Разан­шчыне, Тамара Еўдакімаўна – з Кубані.

Жанчына распавядае, што ўнук знайшоў праз інтэрнэт дом, дзе яна жыла, калі была дзяўчынай. Звязаліся з цяперашнімі гаспадарамі.

– Ой, так няёмка, – перарывае тэму гаспадыня, – у мяне так часнаком пахне. Я пельмені паставіла варыць. Зараз выключу газ.

Да тэмы пра радзіму так і не вярнуліся, у кватэру пазванілі.

Прыйшла супрацоўніца гаргазу павіншаваць Рыгора Афанасевіча са святам. І хаця Тамара Еўдакімаўна сказала, што перадасць мужу віншаванні, жанчына падышла да ложка, нахілілася да самага вуха ветэрана і сказала: “Са святам вас, здароўя. Дзякуй за Перамогу”. Рыгор Афанасевіч ледзь заўважна кіўнуў.

– Мы з Рыгорам раней заўсёды на свята Перамогі ў парк хадзілі. Любіць ён гэта свята.