Вайна па-рознаму змяняла людзей: кагосьці рабіла героем, а іншага нелюдзем. Суседзі, якія жылі праз плот, сябравалі, разам спраўлялі святы, раптам выяўлялі ці лепшую частку сябе, ці самую жудасную.

Пётр Капцюг: савецкі герой

Пасля вайны ў кожным населеным пункце быў самы заслужаны, самы знакаміты ветэран, якога ставілі ў прыклад моладзі.

У Лебедзеве такі герой Пётр Усцінавіч Капцюг − начальнік штаба атрада “Патрыёт” брыгады імя Будзённага. Уганараваны найвышэй­шай узнагародай − ордэнам Леніна, які атрымалі нямногія партызаны СССР.

Пётр Усцінавіч падаецца чалавекам, якому неабходна жыць у экстрэмальных умовах, змагаром па духу. Паходзіць з сялянскай сям’і з Мясаты, з дзяцінства цяжка працаваў. Служыў радавым у польскай арміі. Пасля яе актыўна удзельнічаў у падпольным камуністычным руху, асабіста ведаў аднаго арганізатараў падполля Сяргея Прытыцкага.

За падполле Капцюга чатыры разы арыштоўвала дэфензіва, а ў 1936 годзе яго асудзілі на чатыры гады за палітычную дзейнасць на карысць СССР. Сядзеў у Лукішскай турме ў Вільні, адкуль яго вызвалілі ў 1939 з прыходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Ад першых дзён вайны яго як савецкага актывіста пераследавала гестапа. Пётр Усцінавіч спачатку дапамагаў партызанам раздабыць зброю і баявыя прыпасы, а пасля і сам партызаніў, спачатку штатным байцом, а пасля начальнікам штаба.

Двух байцоў атрада забілі ў 1941 праз здраду мясцовых.

Паводле яго баявой характарыстыкі, ён з групай у пяць чалавек пусціў 35 эшалонаў праціўніка з людзьмі і рознай маёмасцю, парэзаў 42 кіламетры лініі сувязі. У розных аперацыях знішчылі 414 чалавек і 615 ранілі.

Паводле дакумента, ад шасці партызан пацярпела тысячу фашыстаў.

Яго сын Уладзімір прыгадвае, што ў бацькі часта балелі ногі. Прыступы былі такія моцныя, што скручвала ногі і ветэран падаў на зямлю, але цярпеў. Турэмнае зняволенне, рэйды па балотах, паўгалоднае жыццё ў зямлянках, начоўкі на сырой зямлі пад адкрытым небам моцна адбіліся на здароўі. Выхаваў разам з жонкай Марыяй Піліпаўнай шасцярых дзяцей. Жыў небагата, але ніколі не хадзіў па кабінетах, каб выбіваць ільготы.

Як адзначаюць знаёмыя, пра вайну ён узгадваць не любіў, але і нельга сказаць, што знайшоў сябе ў мірным жыцці. Загадваў млыном у мясцовым калгасе. У 1975 годзе пайшоў з жыцця.

Станіслаў Жвірко: жаўнер арміі Андэрса

Калі адна частка нашых землякоў у складзе Чырвонай Арміі змагалася за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне на ўсходнім фронце, то іншая далучылася да арміі генерала Андэрса і змагалася супраць фашызму ў Італіі.

Паводле спіса Цэнтральнага архіва ў Варшаве, у ім месцяцца рэчы Станіслава Жвірко 1917 года нараджэння з вёскі Лебедзева. У гэтым спісе пазначаныя жаўнеры, якія загінулі ў баях, а іх рэчы захоўваюць, каб перадаць сваякам.

Пасля вайны салдатаў не Чырвонай Арміі не лічылі ветэранамі. Да іх было нават варожае афіцыйнае стаўленне, як да тых, хто змагаўся ў шэрагах капіталістычнага фарміравання. Закон, паводле якога байцоў Войска Польскага, і ў прыватнасці арміі Андэрса, прыраўнялі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прынялі толькі ў 1993 годзе.

Бацька ратуе партызана, сын паліцай

Ад 1941 да 1942 у Лебедзеве быў лагер для ваеннапалонных. У ім немцы трымалі каля 300 чырвонаармейцаў. Мясцовыя дапамагалі згаладалым палонным. З дазволу начальства лагера можна было перадаваць прадукты − лепшыя забіралі немцы, астатняе аддавалі салдатам.

Мясцовы святар айцец Нядвецкі прасіў вернікаў дапамагаць палонным. Спачатку іх выкарыстоўвалі як рабочую сілу. Але у цеснаце, галодныя, без медыцынскай дапамогі, яны моцна аслаблі. У пачатку зімы многія памерлі. На праваслаўных могілках выкапалі яму, куды скідалі целы і доўга яе не закопвалі: новыя памерлыя з’яўляліся штодня.

У лютым 42 года за адну ноч акупанты расстралялі 220 чалавек. Ёсць дзве версіі прычын: па адной стала шмат хворых на тыф, па другой справа ў выпадку. Нібыта адзін зняволены кінуў у патыліцу ахоўніку вош, а другі пра гэта распавёў немцу. Пасля масавага расстрэлу чырвонаармейцаў лагер спыніў працу.

Лебедзевец Баляслаў Блін змог выратаваць аднаго з палонных. Адным зімовым ранкам, яшчэ зацемна, ваенны фельчар ехаў на кані па сена на Ушу. Калі праязджаў каля лагера, да яго падбег паранены ў плячо чырвонаармеец у адной бялізне і папрасіў выратаваць. Баляслаў паклаў яго ў сані і схаваў у сене. У Мароськах аказаў медыцынскую дапамогу. Хворага перавезлі да іншага надзейнага аднавяскоўца. Паправіўшыся, салдат пайшоў у партызанскі атрад. Фельчар Баляслаў рызыкаваў жыццём, каб выратаваць чырвонаармейца.

А яго сын Франц у час вайны быў паліцаям, у 44 годзе ўцёк разам з немцамі.

Першы і апошні ліст салдата

Каля Лебедзева, як і любога іншага беларускага мястэчка, у вайну было шмат смерцяў: партызаны, гета, лагер для ваеннапалонных. Для многіх смерць прыйшла ў дом.

У музеі лебедзеўскай школы сярод экспанатаў ёсць два дакументы. Першы − ліст з фронту родным з пазнакай “першы і апошні”:

“19 ліпеня 1944 г. Крэнць Павел жывы, здаровы. Знаходжуся ў Чырвонай вызваленчай Арміі. Дасылаю свой нізкі паклон жонцы Ганне, сыну Пецьку, брату Якаву. Нізка кланяюся, жадаю жыць на многія лета”.

Другі − паведамленне з Маладзечанскага райваенкама пра тое, што Крэнць Павел у кастрычніку 44-га падчас бою знік без вестак.

Галакост: ні крыку, ні плачу

Як і ў іншых беларускіх мястэчках, значнай часткай жыцця, і ў прыватнасці эканомікі, былі яўрэі. Да вайны большасць гандлёвых і гаспадарчых аб’ектаў належала яўрэям, якія вялі справы эфектыўна. Іх узгадваюць як добрых суседзяў і сяброў.

У ліпені 1941 года немцы арганізавалі гета каля сучаснага касцёла па вуліцы Зарэчнай. У ім пасялілі каля 700 чалавек – пераважна жанчын, дзяцей і старых, прымусілі насіць жоўтую шасціканцовую зорку. Маладыя яўрэі, у асноўным, пакінулі мястэчка, каб ваяваць ці партызаніць.

24 чэрвеня 1942 года здарылася трагедыя. Каля трох гадзін раніцы карнікі разам з паліцыяй акружылі гета, дзе было каля 600 чалавек. Сказалі, што вядуць на работу. За некалькі дзён да гэтага паліцаі праз знаёмых папярэджвалі, што фашысты рыхтуюць расправу, але з гета збеглі нямногія.

Людзі моўчкі ішлі на смерць, не было чуваць ні крыку, ні плачу. Канваіравалі іх толькі восем чалавек службы бяспекі. Паспрабаваць уцячы было магчыма: абапал дарогі былі кусты, поле, за якім лес, але ніхто шанц не скарыстаў.

За вярсту ад Лебедзева каля гумна жыхара Субача іх чакала наступная група карнікаў. Яўрэяў расстрэльвалі групамі, зрабіўшы сапраўдны канвеер смерці. Жывыя скідвалі мёртвых у кучу, якую немцы палівалі газай. Калі расстралялі ўсіх, гумно падпалілі. Некаторыя былі толькі параненыя, яны выскоквалі ў шоку як факелы, але іх тут жа расстрэльвалі.

Мясцовыя дзеляцца, што было не столькі страшна, колькі прыкра, што не можаш дапамагчы. Пах ад спаленых людзей быў чутны каля месяца.

У час аблавы немцы знайшлі яўрэйскага хлопчыка, які схаваўся пад падлогай пажарнага барака. Ён моцна прасіў пашкадаваць, але забілі і яго. Вазіў забітых на яўрэйскія могілкі Вітольд Гружэўскі, які пасля доўга лячыўся ад нервовага зрыву.

Туфлі з сарочкай і рэшата

У гэтых абставінах мясцовыя паводзілі сябе па-рознаму. Большасць так, як Павел Посах. У час аблавы ён заўважыў каля свайго надзела свежую сцяжынку, якая прывяла да яўрэйскай сям’і. Павел загадаў дачцэ збегаць па ежу, якую аддаў яўрэям. Калі гаспадар сям’і перадаў у падзяку гадзіннік, Павел спыніў яго: “А навошта?”.

Дапамогу яўрэям не лічылі геройствам, пра гэта наогул небяспечна было гаварыць, бо маглі расстраляць усю сям’ю. Але многія лебедзеўцы жылі па сумленні нават пад пагрозай смерці.

Адна маладая яўрэйка Бэйнісан уцякала ад фашыста праз жыта. Каб хутчэй бегчы, скінула сарочку і туфлі. Немец параніў жанчыну, але яна змагла ўцячы. Пасля вайны вярнулася ў Лебедзева. Але нікога з родных яе не засталося. Адна з мясцовых Марыя Шчапанская аддала ёй туфлі і сарочку, якія захоўвала некалькі год.

У вайну былі і марадзёры. Як толькі гета апусцела, усё каштоўнае яны пазабіралі. Знайшліся і тыя, хто перасыпаў прах спаленых людзей рэшатамі, каб знайсці каштоўнасці.

Іншы мясцовы, каб выслужыцца перад немцамі, стрэліў у яўрэя-інваліда. Калі ўбачыў, што не забіў, пабег за патронамі, вярнуўся і выстраліў у галаву.

Калі немцы гналі да Лебедзева мужчын, у тым ліку яўрэяў, Міхаіл Каханоўскі з Дамашоў стаў на калені і прасіў адпусціць палонных. Фашысты загналі Міхаіла разам з іншымі ў хлеў і спалілі. Дома ў яго засталіся дзве малыя дачкі, жонка памерла пры родах. Сірот забрала цётка Людміла Станевіч.

Гісторыя Лебедзева ў вайну тыповая для мноства вёсак і гарадоў Беларусі. Лёсы мясцовых паўтараюць лёсы тысяч. Мы ўзгадвалі, якой была вайна для беларусаў-заходнікаў праз успаміны і дакументы.

Успаміны валожынца Мікалая Махнача (цалкам). Доўгая дарога да свабоды

Вярблюды цягнулі гаўбіцу: “Баграціён” у раёне Лебедзева