Тая ўсё жыццё хацела ўбачыць магілу брата, які не вярнуўся з вайны. Ён загінуў пры вызваленні Вілейкі – было яму 22 гады.

– Для маёй мамы Георгі Елісеевіч Лапаткін быў любімым старэйшым братам. Мы з дзяцінства ведалі, што ён загінуў на вайне, – дзеліцца яна. – Пахавальны ліст, іншыя дакументы асабіста я не бачыла, але фота дзядзькі захавалі. Мамы няма з 1977 года. Я заўсёды памятала яе мару – убачыць магілку брата. А цяпер, калі ўжо на пенсіі, ды ў камп’ютарнае стагоддзе, вырашыла ажыццявіць мару маёй мамы.

 Георгій Лапаткін загінуў пры вызваленні Вілейкі.

Георгій Лапаткін загінуў пры вызваленні Вілейкі.

Пошукі Таццяна пачала з сайтаў, дзе можна адшукаць інфармацыю пра загінулых воінаў. Так як Георгі Лапаткін быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны другой ступені за вызваленне Вілейкі, то на сайце агульнадаступнага банка дакументаў “Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадах” знайшла патрэбную інфармацыю. Там змешчаны дакументы аб узнагароджанні камандзіра аддзялення сувязі батальёна аўтаматчыкаў 35 Гвардзейскай танкавай брыгады Георгія Лапаткіна.

Урывак з узнагароднага ліста.

Урывак з узнагароднага ліста.

– Падумала: ёсць жа добрыя людзі, дапамогуць. І не памылілася ў беларусах. На адным з вілейскіх сайтаў (верагодна, сайт райвыканкама – аўт.) знайшла падрабязную інфармацыю аб вайсковых пахаваннях са спісамі і нават з інфармацыяй, як адшукаць магілы. Гонар і хвала за такую працу!

Даведалася Таццяна, што гвардыі старэйшы сяржант Георгій Лапаткін пахаваны на гарадскіх могілках па вуліцы 1 Мая. 

Потым Таццяна  ў сацсетцы “Вконтакте” зайшла наўздагад у адну з груп, у назве якой было “Вілейка”. Апісала просьбу адміністратару групы Андрэю Комліку. Той адразу адказаў, што здымкі зробіць Георгі Комар. Хутка атрымала ад яго фатаграфіі помніка на могілках. Высечана на ім было і прозвішча дзядзькі.

Помнік на могілках у Вілейцы. Фота Георгія Комара.

Помнік на могілках у Вілейцы. Фота Георгія Комара.

– Вялікі дзякуй усім неабыякавым людзям! – працягвае Таццяна. – Сумна, што мая маці не дажыла і не пабачыла магілу свайго любімага брата. Мой дзядзька Георгій склаў галаву за далёкі ад нас горад. Яго маці, мая бабуля, Таццяна Дзмітрыеўна Лапаткіна, працавала, не пакладаючы рук, у далёкім тыле. За што яе ўзнагародзілі медалём “За доблесную працу”. А яшчэ адны яе сын, старэйшы, вярнуўся з вайны інвалідам. І так, напэўна, было ў многіх сем’ях …