У Мядзеле 30 красавіка частавалі “баявым” куляшом і разгадвалі зашыфраваныя пасланні. Гэта праходзіў першы на Мядзельшчыне квэст.
Прымеркавалі яго да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Прынялі ўдзел пяць камандаў моладзі з устаноў і сельсаветаў Мядзельшчыны. У кожнай было да сямі чалавек, а да іх яшчэ і кансультанты.
Рыхтавацца ўдзельнікі пачалі загадзя. На першым этапе, краязнаўчым, збіралі матэрыял аб земляках-удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.
А 30 красавіка прайшоў другі этап. У Мядзельскім Доме культуры каманды расказвалі пра сябе, абаранялі сабраны краязнаўчы матэрыял.
Потым былі розныя конкурсы. У артыстычным удзельнікі чыталі вершы і спявалі песні часоў вайны. У літаратурным конкурсе вызначалі літаратурных і кінагерояў, у спартыўным – дэманстравалі навыкі маладога байца. У гістарычным трэба было адказаць на безліч пытанняў па падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
Удзельнікі каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму адказваюць на пытанні па падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Фота Алеся Высоцкага.
Самым эмацыйным, бадай, быў конкурс следапытаў. Удзельнікі мусілі па вершаваных радках расшыфраваць памятныя месцы ў горадзе і па-за ім. Хутчэй дабрацца да іх, ускласці кветкі і атрымаць новае заданне.
Апошнім быў самы смачны конкурс – дэгустацыйны.
Фота Алеся Высоцкага.
На ім вызначалі лепшую страву часоў Вялікай Айчыннай вайны. Таму калі каманды бутэрброд рабілі, то “акопны”, калі гарбату гатавалі, то з чарніц і мацярдушкі. І саладзілі яе, як у вайну – сушанай морквай. У санаторыі “Прыазёрны” прыгатавалі страву па рэцэпце ветэрана Вялікай Айчыннай вайны аўтара “РГ” Міхаіла Чарняўскага.
Першае месца ў квэсце падзялілі каманды цэнтра “Зубраня” і аддзела адукацыі, спорту і турызму. На другім – прадстаўнікі санаторыя “Прыазёрны”.
Узнагароды прымалі не толькі пераможцы – прызамі адзначылі ўсе каманды.
Даведка “РГ”. Квэст – інтэлектуальна-экстрэмальны від гульняў на вуліцах горада і за яго межамі.