Маладзечанец Павел Радзюкевіч са школы зацікавіўся гульнямі варгейм. Цяпер ён марыць пра тое, каб стварыць суполку гульцоў, мадэлістаў і аматараў гульні ў Маладзечне. А калі гульцоў збярэцца дастатковая колькасць, то наладзіць і ролевыя гульні.

У кожнага ўдзельніка павінны быць набор мініяцюр. Першы Павел набыў тры гады таму. Пасля захапіўся настольнымі гульнямі, пачаў вывучаць літаратуру.

Варгеймер Павел Рыдзюкевіч побач з мініяцюрамі. Фота забяспечана Паўлам Рыдзюкевічам.

Варгеймер Павел Рыдзюкевіч побач з мініяцюрамі. Фота забяспечана Паўлам Рыдзюкевічам.

На захапленне ідзе да двух мільёнаў

– Маё зацікаўленне патрабуе шмат часу, сіл і, зразумела, грошай, – расказвае пра сваё хобі Павел Рыдзюкевіч. – Для таго, каб гуляць у настольны варгейм, трэба купіць гульнявыя мініяцюры, спецыяльныя мадэльныя фарбы, пэндзлі. Потым ідзе час на тое, каб склеіць і пафарбаваць іх.

Хлопец тлумачыць, калі ў гульца ёсць мінімальны атрад альбо невялікая армія з мадэляў, ён можа дакупляць мініяцюры раз у два-тры месяцы. Гульцы могуць выкарыстоўваць любыя мініяцюрныя персанажы.

– Першапачатковыя затраты – самыя адчувальныя, – распавядае аматар варгейма. – Мініяцюры, фарбы, пэндзлі абыходзяцца каля двух мільёнаў рублёў. Ролевыя гульні менш б’юць па кашальку – гулец траціць толькі час і сілы на асваенне правілаў і стварэнне свайго персанажу.

Умее фарбаваць – мае грошы на захапленне

Цяпер Павел – студэнт чацвертага курса інстытута сучасных ведаў імя Шырокава. Здавалася б, адкуль студэнт бярэ грошы, якія ўкладае ў зацікаўленне.

Фота забяспечана Паўлам Рыдзюкевічам.

Фота забяспечана Паўлам Рыдзюкевічам.

Пафарбаваныя мініяцюры. Фота забяспечана Паўлам Рыдзюкевічам.

Пафарбаваныя мініяцюры. Фота забяспечана Паўлам Рыдзюкевічам.

– Як гэта не дзіўна, грашмі мне дапамагае гульнявая суполка, – тлумачыць хлопец. – Я магу фарбаваць і мадэляваць фігуркі. Іншыя аматары гульні часам заказваюць роспіс мадэляў для сваіх калекцый. Гэта дапамагае кампенсаваць выдаткі на маё захапленне.

Гульні да шасці гадзін, сотні мініяцюр на стале

Настольная гульня варгейм можа доўжыцца ад паўтары да шасці га­дзін. Адна з гульняў, у якой удзельнічаў Павел, доўжылася каля сямі га­дзін. Тады праходзіла адно з буйных спаборніцтваў, на гульнявым стале сутыкаліся сотні мініяцюр.

Павел стараецца планаваць час так, каб усё паспець

– Вучоба і асабістае жыццё забіраюць час, які я мог бы выдзеліць на захапленне, – расказвае маладзён. – Аднак планую час так, каб гульні не перашкаджалі вучобе і адносінам.

Мініяцюры інквізітараў. Фота забяспечана Паўлам Рыдзюкевічам.

Мініяцюры інквізітараў. Фота забяспечана Паўлам Рыдзюкевічам.

Дзяўчына Паўла падтрымлівае яго захапленне. Аднак сама не хоча мець такі занятак, лічыць яго вельмі складаным і працаёмкім.

Відэагульні – спосаб вырашэння праблем

Псіхолаг Маладзечанскіх электрасетак Таццяна Жданава адзначае, што прывыканне дзіцяці да відэагульняў можа быць сур’ёзным сімптомам.

– Дзіця можа такім чынам шукаць выратавання ад цяжкасцяў у школе альбо напружання, якое існуе паміж членамі сям’і, – адзначае псіхолаг. – Таму важна задумацца, якая сапраўдная прычына такога зацікаўлення, і прыгледзецца да паводзінаў дзіцяці.

Асноўныя прыкметы залежнасці ад відэагульняў: упаданне ў стан трансу падчас гульні і напорыстае супраціўленне, калі абмяжоўваюць час за камп’ютарам.

– Калі пасля гульняў дзіця раздражнёнае, узбуджанае альбо яго мучыць бяссонніца, гэта значыць, што час гульні перавышаны альбо гульня зусім не падыходзіць дзіцяці, – расказвае Таццяна Жданава.

Для дзяцей 6-7 гадоў час відэагульні не павінны быць больш за 10 хвілін, для дзяцей 8-11 гадоў – 15-20 хвілін, для старшакласнікаў 25-30 хвілін.

– Навукоўцы мяркуюць, што камп’ютарныя гульні выклікаюць залежнасць на ўзроўні з алкаголем і наркотыкамі, – адзначае Таццяна Жданава. – Так, нямецкія даследчыкі правялі эксперымент, падчас якога групе з 20 чалавек паказвалі скрыншоты з любімых гульняў. І іх рэакцыя была падобнай на тую, што і ў людзей хворых на алкагалізм альбо наркаманію, калі тыя бачылі прадмет сваёй жарсці. Падобны эксперымент правёў амерыканскі педыятр Дуглас Джэйнтал сумесна з акадэміяй педыятраў. Пад назіранне трапілі каля трох тысяч дзяцей. Па выніках даследавання залежнасць адзначалі ў кожнага дзясятага.

Даведка “РГ”. Варгейм – разнавіднасць стратэгічнай гульні. Бывае настольная і камп’ютарная. У гульні імітаваныя ваенныя канфлікты як рэальныя, напрыклад, аперацыя “Барбароса”, так і прыдуманыя. Правобразам варгейма была старажытная індыйская настольная гульня “Чатуранга”, яе ў Сярэднявечча і ў наш час называюць шахматамі.