Сучасны чалавек жыве ў час падмены паняццяў. Пра любімага чалавека гаворым партнёр, пад каханнем часта разумеем сэкс, грама­дзянскі шлюб пераўтварыўся ў сужытніцтва.

– Цяпер каштоўнасці пераасэнсоўваюцца, – адзначае сямейны псіхолаг Марына Валасковіч. – Сучасны чалавек увесь час у руху, стараецца ўсё паспець. Тое ж самае тычыцца і адносінаў – многія хочуць атрымліваць задавальненне, а працаваць над адносінамі, удасканальваць іх не ў кожнага ёсць цярпенне і жаданне. Таму многія выбіраюць свабодныя адносіны. Яны не патрабуюць адказнасці, пры любой спрэчцы можна разбегчыся.

Калі маладыя ідуць на свабодныя адносіны, часта гавораць, што хочуць праверыць, ці ўжывуцца. Марына Валасковіч так каментуе падобную сітуацыю: “Любы жаночы арганізм выдатна падыходзіць да мужчынскага. Калі людзі імкнуцца стварыць сям’ю, то вызначальным становіцца ўзаемаразуменне, давер, каханне.”

Свабодныя адносіны ствараюць ілюзіі

Пры свабодных адносінах і мужчына, і жанчына маюць ілюзіі. Жанчына – што замужам, мужчына – што свабодны.

– Да мяне звярталіся  жанчыны, якія мелі досвед свабодных адносінаў, – гаворыць сямейны псіхолаг. – Яны скардзіліся, што чым больш жывуць з мужчынам, тым менш закранаюць тэму вяселля. Жанчыны паступова адчуваюць сябе пакінутымі, ім не хапае пачуцця бяспекі, выказваюць прэтэнзіі да партнёра. Калі такія адносіны заканчваюцца, то атрымліваюць псіхалагічную траўму.

Марына Валасковіч заўважае, што цяпер моцна памяняліся гендэрныя ролі. Калі раней мужчына “паляваў” за жанчынай, імкнуўся атрымаць яе прыхільнасць, то цяпер у яго не выклікае вялікіх цяжкасцяў пазнаёміцца з жанчынай для палавых стасункаў. Нярэдка “палююць” жанчыны.

– Сучасная жанчына баіцца адзіноты, таму ідзе на свабодныя адносіны, саступае мужчыну, – заў­важае сямейны псіхолаг. – Аднак не адчувае падтрымкі, мае пачуццё трывогі, нетрываласці адносінаў.

Сёння распаўсюджаныя і шлюбы “па залёту”. Звычайна, калі бацькі маладых даведваюцца пра дзіця, раяць жаніцца. Атрымліваецца стымуляваны шлюб. Маладыя кахаюць адзін аднаго, аднак мужчына адчувае сябе загнаным у вугал, бо не ён быў ініцыятарам. Часта такія шлюбы распадаюцца.

За апошнія дзесяць гадоў ледзьве не ў дзесяць разоў узрасла колькасць дамашніх жывёл. Так людзі імкнуцца атрымаць пачуцці, якіх яны не маюць з супрацьлеглым полам, запаўняюць месца члена сям’і, які адсутнічае.

Маці не заменіць сабой бацьку

Адна з праблем сучаснай сям’і, што дзіця ставяць у цэнтр сям’і. У большасці выпадкаў гэта прыводзіць да таго, што яно вырастае эгаістам.

Марына Валасковіч падчас трэнінгаў часта пытаецца, што патрэбна для шчасця дзіцяці. Звычайна адказваюць, каб яго любілі. У гэтым хаваецца стратэгічная памылка. Для дзіцяці важна, каб бацькі любілі адно аднаго. Так дзеці адчуваюць сябе шчаслівымі, вучацца паводзіць сябе ў сям’і.

Сямейны псіхолаг дзеліцца досведам: у няпоўных сем’ях, нягледзячы на тое, што мама робіць усё магчымае, каб стварыць добрыя ўмовы для дзяцей, ёй не пад сілу замяніць бацьку.

Дзеці траўмаваныя, у іх узнікаюць цяжкасці пры стварэнні ўласнай сям’і.

У практыцы псіхолага было некалькі выпадкаў, калі па дапамогу звярталіся ужо дарослыя дзеці, маці якіх нараджалі для сябе. Яны мелі частыя дэпрэсіі, адчувалі іншыя складанасці, пакуль не праводзілі самастойныя расследаванні, каб знайсці бацьку. Як лічыць Марына Валасковіч, дзіця павінна ведаць праўду пра сваіх бацькоў, якая б яна ні была.

Калі жанчына мае ўстаноўку нараджаць для сябе, яе галоўная мэта – самасцвердзіцца. Такая ўстаноўка пярэчыць мацярынству. Калі ў мамы з падобнай устаноўкай нараджаецца хлопчык, то жанчына стараецца сабой замяніць асабістае жыццё сына, кантраляваць яго.

На кансультацыі ў Марыны Валасковіч быў малады чалавек каля 30 гадоў, у якога не ладзіліся адносіны з жанчынамі. Як толькі ён знаёміўся з дзяўчынай, мама пачынала ўмешвацца, тэлефанавала сыну ў час спатканняў і гаварыла, што ёй дрэнна. Сын быў вымушаны вяртацца, каб быць побач з ёй.

– Жанчына адчувала страх застацца адной, бо сын эмацыйна замяніў ёй мужа, – каментуе сітуацыю псіхолаг. – Калі б ён захацеў ажаніцца, маці б проста не адпусціла яго. Я раіла маладзёну адстойваць права на ўласнае жыццё, але клапаціцца пра маці, калі гэта трэба. А маме зразумець, што сын не можа знаходзіцца каля яе заўсёды, дапамагаць іншым людзям.

Традыцыйную сям’ю разбуралі паступова

Разбурэнне традыцыйнай сям’і пачалося ў першыя гады савецкай улады.

– Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі людзям далі магчымасць разводзіцца, – заўважае  Марына Валасковіч. – Былі спробы стварыць сем’і-камуны, дзе агульнымі былі жонкі, мужы, дзеці. На шчасце, людзі вярнуліся да традыцыйнай сям’і.

Савецкая ўлада часткова ўзяла на сябе функцыі бацькі: дзяцей выхоўвалі ў дзіцячых садках, кватэры давалі па чарзе, нават на працу ўладкоўвала дзяржава. Мужчынскі патэнцыял быў незапатрабаваны, з яго зрабілі грамадзяніна. Жанчына патрабавала большага. Традыцыйны сямейны ўклад пачаў разбурацца. Гэта паўплывала на адносіны паміж мужчынам і жанчынай, на выхаванне дзяцей.

Даведка “РГ”. Марына Валасковіч – сямейны псіхолаг, выкладчык псіхалогіі музычнага каледжа ў Маладзечне, кіраўнік моладзевага клуба стасункаў і творчасці “Дыялог+”, арганізатар фестывалю творчых ініцыятыў “Час жыць!”

Экспрэс-апытанне ў рэгіёне: ці мяняе ўзаемаадносіны штамп у пашпарце?