Гульня супраць каманды АК “Ждановічы” скончылася перамогай гаспадароў з лікам 2:0.

З пераможным лікам маладзечанцы вызначыліся яшчэ ў першым тайме.

Першы мяч з пенальці у вароты Ждановічаў забіў Сяргей Лавор.  Не прымусіў сябе чакаць і другі гол. Яго здзейсніў Аляксандр Парфёнаў.

Галоўны трэнер каманды “Маладзечна ДЮСШ 4” Аляксандр Гармаза расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што  вынікам гульні ён задаволены, а вось адносінамі ўладаў да каманды не:

– Абяцанні так і засталіся на словах. Аўтобуса так і няма. Форме, у якой выйшлі гулыць футбалісты, ужо 8 гадоў. Можа так здарыцца, што ў 10 туры будзем гуляць босымі.

– Вось каб набралі 7 ачкоў, дык, магчыма, грошы знайшлі б. А так мы не апраўдваем чаканняў, – смяецца трэнер.

Што датычыцца сапернікаў, то Аляксандр Гармаза заўважыў, што каманда АК Ждановічы яму спадабалася.

– Магчыма, з трыбунаў магло падацца, што ў другім тайме Маладзечна крыху падсела, але гэта не так. Усе ўстаноўкі, што былі зробленыя ў перапынку, каманда выканала. Прымусілі саперніка бегаць без мяча. Магчыма, некалькі момантаў не рэалізавалі, але ў цэлым вынікам задаволены.

– Якую ўстаноўку атрымалі на наступную гульню? Атрымаць 10 ачкоў?

– Устаноўку зрабілі мы самі сабе. Вядома, перамагаць.

Акрамя таго, Аляксандр Гармаза заўважыў, што ён задаволены станам поля і за гэта дзякуе адміністрацыі стадыёна.

– І, канешне, фанаты. Вельмі прыемна, калі так заўзеюць трыбуны. Шкада, што гледачоў пакуль не так шмат, як хацела б. Але мы сваёй гульнёй будзем рабіць усё магчымае, каб глядач вярнуўся на стадыён.