Што такое высокая культура, чаму яна не заваёўвае папулярнасць і як зрабіць яе дасяжнай да кожнага. Пра гэта карэспандэнткі “РГ” размаўлялі з навучэнцамі і выкладчыкамі Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага. 

Большасць з тых, хто прыйшоў на сустрэчу, вырашылі пайсці ў музыку самастойна. Яны самі сябе падштурхнулі. Адны марылі пра гэта з дзяцінства, іншыя, упершыню ўбачыўшы інструмент у чужых руках, загарэліся іграць на ім.

Навучэнцы смяяліся, калі ўзгадвалі, як ставілі бацькоў перад фактам, што будуць музыкантамі. Тыя ад нечаканасці ўпадалі ў ступар. Цікава даведацца, што дзіця хоча ў музыканты толькі тады, калі яно прыносіць заяву на паступленне. 

Шлях выкладчыкаў у музыку часам таксама быў нечаканым. Адных, аказваецца, у дзяцінстве на заняткі цягнулі за вушы. Цяпер жа ўжо не выцягнеш. Іншых бацькі падтрымлівалі, як маглі. Напрыклад, каб даць дачцэ магчымасць вучыцца на фартэпіяна, прадалі карову і купілі інструмент.

Прычыны, па якіх пайшлі ў музыку*

66% удзельнікаў сустрэчы прыйшлі самі, бо:

  • падабаецца музыка
  • з дзяцінства займаліся
  • маюць ахвоту натхняць іншых
  • у іншым сябе не бачаць
  • адчувалі падтрымку педагогаў
  • самі пайшлі ў музычную школу
  • з дзяцінства марылі
  • любяць творчасць
  • бачаць у гэтым спосаб самавыяўлення

34% удзельнікаў у музыку прыйшлі несвядома:

  • трапілі выпадкова
  • пераканалі бацькі
  • пераканаў педагог
  • прыйшлі праверыць, “ці маё”
  • больш нічога не ўмеюць
  • уся сям’я – музыканты
  • прыйшлі за кампанію

*Паводле дадзеных апытання, праведзенага падчас  сустрэчы

Ствараем глебу для развіцця музыкі ў краіне

Пакуль што толькі на паперы. Мы папрасілі прысутных на сустрэчы паразважаць пра тое, чаго сёння не хапае музыкантам.

1. Высокай планкі

Не кожны павінны мець магчымасць стаць музыкантам. Толькі чалавек, які мае пэўны талент, ахвоту, здольнасці да музыкі.

2. Прэстыжу

3. Магчымасці кар’ер­­­­нага росту

У музыкантаў мусіць быць шмат шляхоў для самарэалізацыі ў прафесіі.

4. Запатрабаванасці

Грамадства мусіць мець патрэбу ў музыкантах. Прафесія павінна мець попыт.

5. Годнага заробку

За стаўку (20 гадзін працы на тыдзень) музыкант павінен атрымліваць як мінімум сярэдні заробак па краіне (цяпер – каля 6 мільёнаў 200 рублёў).

6. Адсутнасці другарадных прадметаў

У каледжах навучэнцы павінны атрымліваць пераважна спецыяльную музычную адукацыю. Другарадныя прадметы, як “Ахова працы” ці “Экалогія”, трэба адсоў­ваць на задні план. На думку выкладчыкаў і навучэнцаў, цяпер такім прадметам надаецца зашмат увагі. З-за гэтага недастаткова часу на заняткі профільнымі.

7. Адпрацоўкі з выгодамі

Навучэнцы і выкладчыкі згодныя з тым, што адпрацоўка можа існаваць. Аднак пры гэтым маладым спецыялістам трэба даваць добрае жыллё і годны заробак.

8. Магчымасці далейшага навучання за мяжой ці не па спе­цыяльнасці

Цяпер навучэнцы, якія вучыліся бясплатна, павінны альбо адпрацаваць па размеркаванні, альбо паступіць па спе­цыяльнасці ў ВНУ, альбо выплаціць увесь кошт навучання.

На думку ўдзельнікаў размовы, гэта не дае магчымасці чалавеку знайсці сябе ў іншай прафесіі і заняць сваю нішу ў грамадстве.

9. Падтрымкі СМІ

Сродкі масавай інфармацыі мусяць усяляк спрыяць пашырэнню высокай музычнай культуры.

10. Высокай культуры на вуліцах горада

Сярод гэтага – спрошчаная сістэма атрымання дазволу на выступленні на вуліцах, флэшмобы, тыдні музыкі ў горадзе.

11. Падтрымка дзяржавы

Пункт, які аб’ядноўвае і падсумоўвае ўсё вышэй названае. Калі дзяржаўная палітыка будзе скіраваная на падтрымку музыкантаў, стварэнне ўмоў для развіцця музыкі ў краіне і павышэння музычнай культуры грамадства, тады з часам большасць праблем вырашыцца, мяркуюць выкладчыкі і навучэнцы.

Навучэнцы гатовыя ісці з музыкай у шырокія колы

На большасць пунктаў ідэальнай музычнай сітуацыі ў краіне навучэнцы не маюць уплыву, аднак яны гатовыя па­чынаць штосьці мяняць ужо цяпер.

З такіх рэчаў – атрымаць дазвол на выступленні на вуліцах горада і  арганізацыю флэшмобаў альбо дзён музыкі.

За мяжой вулічныя музыканты цалкам натуральная рэч. У Вільні ладзяць тыдні вулічнай музыкі, у Варшаве на плошчы ў Старым горадзе ўвесь час збіраюцца не толькі музыканты, але і жанглёры, іншыя творчыя людзі. У Берліне дастаткова заплаціць падатак і спакойна з дазволам на руках іграць для людзей на вуліцы і зарабляць такім чынам.

У нас жа за выступленні на вуліцы могуць прыцягнуць да адказнасці за парушэнне грамадскага парадку ці папрашайніцтва.

Выкладчыкі стараюцца як мага больш даць  дзецям і, нягледзячы на перашкоды, прышчэпліваць любоў да музыкі.

У горадзе ўжо ёсць пазітыўны прыклад паспяховай ініцыятывы: фестываль моладзевых творчых ініцыятыў “Час жыць!”. Яго арганізавала выкладчыца музычнага каледжа Марына Валасковіч. Цяпер фестываль папулярны і запатрабаваны.

Як адзначаюць выкладчыкі музычнага каледжа, калі спачатку на ўдзельнікаў флэшмобаў у межах фестывалю лю­дзі глядзелі як на дзівакоў, бо ніколі такога не бачылі, то цяпер назіраюць з захапленнем у вачах.

Навучэнцы паспрабуюць самі арганізаваць музычнае выступленне на вуліцы. Ідэяй загарэўся навучэнец Іван Кабыльчанка, які збірае для гэтага ініцыятыўную групу.

Так уяўляюць сябе навучэнцы ў музыцы праз пяць гадоў.

Так уяўляюць сябе навучэнцы ў музыцы праз пяць гадоў.

На фестывалі “Маладзечна-2015” зноў прагучыць песня Ігара Паліводы “Маладзечна” (праграма фестывалю)