Увечары 30 красавіку на цэнтральнай плошчы Вілейкі кіраўнік аддзялення ДАІ сустракаўся з мясцовымі байкерамі. Сабралася іх каля трыццаці. Некаторыя нават з Маладзечна прыехалі.

– Летась паступала шмат зваротаў гараджан, што байкеры ўначы носяцца па вуліцах на вялікай хуткасці і роў матораў матацыклаў перашкаджае спаць.  Пачаўся сезон, вырашыў з байкерамі пагутарыць, каб па магчымасці папярэдзіць скаргі, – тлумачыць мэту сустрэчs начальнік аддзялення ДАІ Вілейскага РАУС Віталь Навойчык.

Напрыклад, летась  паступалі скаргі ад жыхароў дамоў па вуліцах 17 Верасня, Чапаева, Талстога, Незалежнасці, Гагарына і іншых. 

У выніку, кажа Віталь Навойчык, узаемаразуменне знайшлі:

– Казалі байкеры, што будуць старацца ездзіць цішэй, адзін аднаго кантраляваць. Калі не стрымаюць слова, будуць зноў на іх скаргі, пачнём дзейнічаць іншымі метадамі. Нарады Дзяржаўтаінспекцыі часцей будуць працаваць уначы на гэтых вуліцах. Можа дайсці да ўстаноўкі знакаў, якія забараняюць рух матацыклаў у начны час па пэўных вуліцах.

Фота Дзмітрыя Пагуды.

Фота Дзмітрыя Пагуды.

Сустрэча пойдзе на карысць

Таксама на сустрэчы абмеркавалі захаванне правілаў бяспекі і дарожнага руху.

– Фіксуецца нямала парушэнняў сярод матацыклістаў, асабліва ў пачатку сезону, – кажа Віталь Навойчык.Указваў, каб кантралявалі, каму яны даюць пракаціцца на сваім матацыкле – каб той абавязкова быў цвярозы, з  пасведчаннем.

Са свайго боку байкеры выказвалі заўвагі, што асобных па тры-чатыры разы за дзень супрацоўнікі ДАІ спыняюць без прычыны.

Адзін з вілейскіх байкераў, арганізатар масавых катанняў на матацыклах Дзмітрый Пагуда ацаніў вынікі сустрэчы так:

– Яна дакладна пойдзе на карысць. Так як мае просьбы акуратна ездзіць па горадзе некаторых не вельмі настройвалі на спакойны манер язды. А Віталь Навойчык яшчэ раз распавёў пра адказнасць за парушэнні ў горадзе, папярэдзіў, што з матацыклістаў за парушэнні правілаў дарожнага руху спытаюць па  максімуме.