Тры ветэраны вайны былі ў цэнтры ўвагі на святкаванні 70-годдзя Вялікай Перамогі ў Мядзеле: Міхаіл Гардон, Сяргей Берняковіч і Андрэй Каўрус.

Ім адводзіліся пачэсныя месцы на мітынгу, ім уручалі кветкі.

Фота Алеся Высоцкага.

Фота Алеся Высоцкага.

Пасля мітынгу гараджане і госці накіраваліся да брацкай магілы на ўездзе ў Мядзел. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр вайны, усклалі вянкі ды кветкі да помніка.

Потым у амфітэатры на беразе возера Мястра паказвалі тэатралізаваную кампазіцыю. Побач на плошчы размясціліся пляцоўкі, які падрыхтавалі сельскія саветы. У адной дэманстравалі партызанскую друкарню, у іншай – ваенна-палявы шпіталь. Тут не толькі “параненыя” ў вайсковай форме ляжалі – запрашалі праверыць здароўе ўсіх ахвотных. А хворым мікстуру для лячэння прапаноўвалі.

Сваткаўцы зрабілі “лясную школу”. Пастараліся паказаць, як навучаліся дзеці ў партызанскім атрадзе. Настаўніца вучыла іх лічыць з дапамогай жалудоў, а пісалі яны на адваротным баку нямецкіх улётак. У перапынках дзеці зацягвалі “Кацюшу” ды прыпеўкі пра фашыстаў.

Фота Алеся Высоцкага.

Фота Алеся Высоцкага.

На пляцоўцы Слабадскога сельсавета частавалі гарбатай на зёлках ды бульбай у лупінах з чыгунка.  

– Ой, які смак бульбы нязвыклы, – дзівіліся гарадскія дзеці.

Тут яшчэ выставу на ваенную тэму падрыхтавалі.

– Самыя цікавыя экспанаты на ёй – гэта арыгіналы лістоў з фронту і кніжка чырвонаармейца, – кажа настаўнік гісторыі Старагабскай школы-сада Уладзімір Серадзінскі.

Завяршылася святкаванне позна ўвечары акцыяй Памяці з запальваннем свечак і салютам.