Яго паставілі па матывах казкі Аляксандра Волкава “Чараўнік ізумруднага горада”.

– Тэатр пачынаецца з вешалкі, таму распранайцеся і займайце лепшыя месцы, а яны ўсе лепшыя, – такія словы чулі гледачы перад пачаткам спектакля ад мастацкага кіраўніка студыі “Кіпень” Ліліі Стасюлевіч.

Фота Галіны Сініцы.

Фота Галіны Сініцы.

Хлопчыкі як сапраўдныя джэнтэльмены прапускалі дзяўчат наперад. Калі нехта стараўся прабрацца першым, яго спынялі і нагадвалі, што спачатку – дзяўчаты.

За кулісамі поўным ходам ішла падрыхтоўка да спектакля: акцёры падпраўлялі грым, апраналі касцюмы. І нарэшце загучала музыка, пачаўся спектакль.

Змяя несапраўдная і боўтаецца, як сасіска

З кожнай хвілінай гледачы захапляліся дзеяннем на сцэне. Калі выйшла злая чараўніца Басцінда (выконвала пяцікласніца Насця Кіслая) і падчас чараўніцтва кінула ў гледачоў змяю, многія перапытвалі, што гэта. Пасля ўбачылі, што змяя несапраўдная і боўтаецца, як сасіска.

Страху паддаў Леў сваім рыкам. Пасля аказалася, што ён сам усяго баіцца. Гэта выклікала смех у гледачоў, многія дзівіліся, што Леў такі вялікі, а баіцца. Смеху паддавалі і словы Льва, калі ён падбадзёрваў сябе: “Усё-такі леў я альбо не леў? Але ж божачкі мой, як жа страшна!” Гледачы падбадзёрвалі яго: “Канешне, ты леў!” Многія ў зале так асмялелі, што паспрабавалі пагладзіць яго.

Рассмяшыла дзяцей, як сабачка, а гэту ролю выконвала першакласніца Вера Івашанка, абнюхвала іх.

Напрыканцы спектакля дабро перамагло зло, кожны з герояў здзейсніў сваю мару, Элі трапіла дадому.

Ролю кветачкі ў спектаклі выконвала вучаніца 2 класа Юля Манякова. Фота Галіны Сініцы.

Ролю кветачкі ў спектаклі выконвала вучаніца 2 класа Юля Манякова. Фота Галіны Сініцы.

Не глядзела ў залу, каб не забыцца словы

Да спектакля акцёры рыхтаваліся паўгода. У ім яны хацелі паказаць, што кожны можа пераадолець свае страхі, а сябры ў гэтым дапамагаюць.

Для першакласніцы Эвеліны Арлёнак роля Элі ў спектаклі была дэбютам.

– Мне вельмі было страшна перад выхадам на сцэну, хвалявалася, што забудуся словы альбо нешта пойдзе не так, – расказвае дзяўчынка. – Аднак мяне падтрымлівалі сябры, супакойвалі, што ўсё атрымаецца. Падчас спектакля старалася не глядзець ні на каго ў зале, каб не забыцца словы.

Дзяўчынка прызнаецца, што цяжка было вывучыць ролю, дапамагалі кіраўнік студыі і бацькі.

Васьмікласніца Анжаліка Дзямідка, якая сыграла маму Элі і Фею, расказвае, што ёй першапачаткова было складана працаваць з маленькімі дзецьмі. Аднак пасля трэцяй рэпетыцыі ўзрост не адчуваўся.

У зале не было свабодных месцаў. Фота Галіны Сініцы.

У зале не было свабодных месцаў. Фота Галіны Сініцы.

Трэба палюбіць і ролю жабы

Максім Бабёр сыграў у спектаклі баязлівага Льва.

 – Роля ў мяне была лёгкая, не хваляваўся перад выхадам на сцэну, – расказвае хлопчык. – Самае складанае было насіць касцюм. Ён важыць, напэўна, каля дзесяці кілаграмаў, і ў ім вельмі горача.

 Раней Максім іграў ролі француза, жаб, ільва. Аднак ён лічыць, што трэба палюбіць любую ролю. Галоўнае, умець фантазіраваць,  тады ўсё атрымаецца. Хлопчык марыць сыграць у спектаклі “Рамэа і Джульета”.

Настаўнікі нагадваюць не забывацца на вучобу

Насця, якая сыграла ролю Басцінды, хацела б паспрабаваць сябе ў ролі Снежнай Каралевы.  Дзяўчынка добра вучыцца, аднак адзначае, калі вельмі захопліваецца тэатрам, настаўнікі нагадваюць, каб не забывалася на вучобу.

Маладыя акцёры кажуць, што часам даво­дзіцца выступаць перад гледачамі, якія гучна размаўляюць. Тады стараюцца гаварыць гучней альбо стаяць на сцэне і чакаюць, пакуль тыя супакояцца.

Многія з іх робяць толькі першыя крокі ў тэатры, аднак мараць пра галоўныя ролі і кар’еру акцёра.

У Дзень тэатра акцёрам Мінскага абласнога драматычнага тэатра вынеслі прысуд

Алена Рахмангулава: “Я ніколі не сыду з гэтага тэатра”

Вілейскіх артыстаў з народнага тэатра ўзнагародзілі за “Звычайны цуд”

Маладзечанскія гледачы не паверылі гастралёрам з Віцебскага тэатра

Як сказаць бацькам пра цяжарнасць – тэатр рыхтуе прэм’еру пра цікавае становішча