Ён часта п’е, не можа своечасова спыніцца, не паддаецца вашым ушчуванням, прапівае грошы, мае з-за гэтага канфлікты дома і на працы?

Па-першае, трэба ўсвядоміць, што алкагалізм – гэта хвароба. Мы часта чуем пра гэта, але ўспрымаем неяк фармальна. У дачыненні да блізкага чалавека факт хваробы на алкагалізм прызнаецца з неахвотай. Угаворваць алкаголіка кінуць піць – гэта тое ж самае, што прасіць звычайнага чалавека ўзяць сябе ў рукі і перастаць кашляць.

Па-другое, сям’я – гэта як сістэма са злучанымі сасудамі, таму любое змяненне паводзін аднаго з членаў сям’і непазбежна змяняе паводзіны іншых членаў сям’і. Што гэта значыць? Калі вы хочаце памяняць паводзіны мужа-алкаголіка, тады змяніце свае паводзіны.

Пітушчы чалавек часцяком знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ў сям’і – яго сарамацяць, лаюць, угаворваюць лячыцца. Дома яго паводзіны – пастаянная тэма для гутарак і кантролю. Алкаголік пачынае выконваць галоўную ролю ў сям’і. Ад таго, прыйдзе ён сёння п’яны ці цвярозы, залежаць адразу некалькі чалавек. Выпіўка становіцца спосабам звярнуць на сябе ўвагу, адчуць сваю значнасць.

Але ж людзі вакол алкаголіка не павінны ператварацца ў дадатак да яго п’янства. У іх ёсць сваё ўласнае жыццё, свае інтарэсы, свае ўзлёты і дасягненні, свая роля ў сям’і. У вас ёсць свае планы і ідэі, свае інтарэсы і жаданні, людзі, з якімі вам падабаецца мець зносіны.

Ваша жыццё – для вас, яно не з’яўляецца дадаткам да чалавека, што злоўжывае спіртным. І ваша самаадчуванне не павінна залежаць ад таго, колькі ён выпіў.

Калі гэта ўсведамляеш сам, тады і алкаголік пачне разумець, што п’янства зусім не ставіць яго ў асаблівае становішча.

Вельмі часта жонкі самі спрыяюць п’янству мужоў. Гучыць спрэчна, ці не праўда?

Аднак давайце падумаем. Ці даводзілася вам хоць раз “лячыць мужа ад пахмелля”? Апраўдваць яго на працы ці аддаваць яго даўгі? Ён п’е, і заробкаў яго не відаць, а вы корміце яго, абмываеце і ствараеце яму ўсе ўмовы для п’янства?

Ён дарослы чалавек і можа несці адказнасць за свае ўчынкі. Усе гэтыя віды “дапамогі” пераконваюць чалавека, які п’е, у адным – што б ён ні нарабіў, яму дапамогуць, вырашаць за яго ўсе праблемы, возьмуць на сябе адказнасць, а значыць, можна працягваць піць.

Давайце паглядзім праўдзе ў вочы і падумаем, чаго вы хочаце ва ўзаемаадносінах з ім? Быць саўдзельнікам ў яго п’янстве ці нешта змяніць у жыцці?

Раз ёсць хвароба – трэба лячэнне.

Алкагалізм – гэта “хвароба абмену рэчываў”. У арганізме алкаголіка біяхімічныя рэакцыі з удзелам этанолу адбываюцца зусім інакш, чым у непітушчага чалавека. Напрыклад, калі хворы на цукровы дыябет не будзе выконваць дыету, ён вельмі пагоршыць сваё здароўе. Так і алкаголік павінен цурацца алкаголю, які дзейнічае на яго некалькі інакш, чым на іншых людзей. Вядома, цукар для дыябетыка гэтак жа салодкі, як і для любога іншага, але важна памятаць пра наступствы.

Стварэнне ў пітушчага ўстаноўкі на цвярозасць – задача нялёгкая, але вырашальная. І менавіта блізкія, тыя, хто любіць яго, здольныя зрабіць гэта. Чакаць, што алкаголіка перавыхаваюць ў працоўным калектыве, за яго возьмецца грамадства, участковы міліцыянер, раённы нарколаг або само жыццё яго выправіць – несур’ёзна.

Каму як не вам добра вядомы яго характар, тэмперамент, бо побач з вамі ён праводзіць большую частку свайго жыцця! У чым яго слабасць, якая дазваляе паддавацца алкаголю – і ў чым яго моцны бок, які, у рэшце рэшт, выцягне яго з гэтай праблемы? У кожным чалавеку спалучаюцца і слабасць, і сіла.

І вось нешта адбылося, пасля чаго чалавек кажа: “Усё, больш не п’ю! Завязаў!” Але на гэтым цяжкасці не заканчваюцца. Кінуць піць чалавеку ў першы час вельмі цяжка. Як і эфектыўна вырашаць задачы, якія перад ім узнікаюць, супрацьстаяць жыццёвым цяжкасцям. Любы канфлікт або стрэс могуць падштурхнуць яго вярнуцца да звыклай псіхалагічнай абароны – выпіўкі.

У такі перыяд дапамога сям’і неацэнная. Вельмі важна загадзя прадугледзець варыянты паводзінаў у тых стрэсавых сітуацыях, якія рана ці позна паўстануць. Напрыклад, прыход гасцей, свята, угаворы былых сабутэльнікаў, праблемы на працы, канфлікты ў сям’і. Праблемай можа быць правядзенне выхаднога дня ці проста наяўнасць вольнага часу.

Неабходна ўсёй сям’ёй прадумаць, як сябе паводзіць у такіх сітуацыях. Што казаць і чым адцягнуць увагу ад выпіўкі ў сітуацыях, якія траўмуюць псіхічна?

Вельмі часта бывае і так: муж п’е, а жонка ў адзіночку займаецца домам і дзецьмі. Усё паспявае, усім распараджаецца аднаасобна – яна кіраўнік сям’і. І вось муж перастаў піць, пачынае прэтэндаваць на тое, каб узяць усе справы ў свае рукі. Ён спрабуе ўсё кантраляваць, даваць указанні, выказваць прэтэнзіі. Яна і рада б, каб ён зноў стаў кіраўніком сям’і, але страшна, бо падводзіў яе ў мінулым не раз.

І вось так незаўважна наспявае канфлікт, рашэннем якога для жонкі з’яўляецца аднаўленне звыклага ўкладу. І адбываецца парадаксальная рэч. Жонка, якая столькі гадоў марыла, каб яе муж “завязаў”, альбо сама налівае яму чарку “за добрыя паводзіны”, альбо правакуе сварку. Прычым у глыбіні душы ведае, што ён не вытрымае і адрэагуе запоем.

Хачу заўважыць: калі вы хочаце зрабіць з мужа алкаголіка, нават калі цяпер ён перакананы непітушчы, ніколі не хваліце яго, размаўляйце з ім толькі пра тое, што ён не зрабіў, што ён не ўмее і што ў яго не атрымліваецца. Або каб справакаваць запой ў былога алкаголіка, спатрэбіцца ўсяго толькі ўспышка раздражнення і не ў час сказанае слова.

Першыя месяцы цвярозасці – перыяд досыць цяжкі і адказны. Пастаўцеся з разуменнем да раздражняльнасці, перападаў настрою і магчымых промахаў. Абавязкова заўважайце яго поспехі. Звяртайце ўвагу на тое, чаго ён дасягнуў дзякуючы цвярозаму ладу жыцця.

Каб змяніць сітуацыю ў сям’і, пачніце з сябе. Вельмі карысна прайсці псіхалагічнае кансультаванне у добрага медыцынскага псіхолага, разабрацца ў сабе, расставіць прыярытэты ў жыцці, усвядоміць свае межы і схаваныя жаданні. Вядома, гэта запатрабуе значных намаганняў, аднак вынік – вяртанне роднага чалавека да паўнавартаснага жыцця.

Мікалай СУРАЎЦАЎ, доктар-псіхатэрапеўт.