Футбольны клуб “Смаргонь” 10 мая накіраваўся ў Бярозу – на гульню з лідарам чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе.

Да гэтай сустрэчы у трох турах “Бяроза-2010” толькі выйгравала.

Аднак смаргонцы перарвалі іх выйгрышную серыю.

–  Хоць ехалі на матч з лідарам, наша каманда разлічвала толькі на перамогу, – дзеліцца прэс-аташэ “Смаргоні” Уладзімір Амбрасевіч. – Ва ўсіх лініях каманда згуляла выдатна. Абарона не дазволіла саперніку нічога стварыць.

Смаргонцы пачалі матч актыўна, і маглі адкрыць лік ужо на першай хвіліне. Але выручыў варатар гаспадароў. Вельмі небяспечны момант быў у варот “Бярозы-2010” і на 15-й хвіліне.

Атакавалі смаргонцы шмат, але сапернікі часта лавілі іх у афсайдную пастку.

У другім тайме малюнак гульні не змяніўся: па-ранейшым атакавалі смаргонцы. І ў рэшце рэшт гульнявая перавага вылілася ў гол.

На 58-й хвіліне класным пранікаючым пасам Сяргей Крот вывеў на ўдарную пазіцыю Аляксандра Талканіцу. Той не схібіў – гол! 

На гэтым гульцы “Смаргоні” не супакоіліся. Працягвалі атакаваць. Але матч так і завяршыўся – 1:0 на карысць смаргонцаў.

Пасля гэтай гульні “Смаргонь” узнялася на чацвёртае месца. “Бяроза-2010” апусцілася на другое. А наперад вырвалася “Іслач”. Ад новага лідара “Смаргонь” аддзяляе толькі два ачкі.

У наступным туры 17  мая “Смаргонь” будзе прымаць дома “Оршу”.  

Пасляматчавы каментар галоўнага трэнера “Смаргоні” Мікалая Рындзюка:

– У сённяшнім матчы каманда шчыра парадавала. Хлопцы выканалі ўсё, што ад іх патрабавалася. Сёння на полі была сапраўды каманда. Тры апошнія матчы ў Бярозе не маглі перамагчы, таму радыя, што перапынілі гэтую серыю.

Усё было на высокім узроўні: і змест гульні, і перастраенні. Выдатна згулялі ў абароне, у саперніка практычна не было стоадсоткавых момантаў. Мы забілі заканамерны гол, стварылі дастаткова галявых момантаў, маглі забіваць і больш. Лічу, што заслужана перамаглі.

Відэаагляд гульні з сайта fc-smorgon.by