14 мая адбыўся матч паміж зборнымі Беларусі і Канады ў межах чэмпіянату свету па хакеі.

Маладзечанскія заўзятары сабраліся ў адной з кавярняў, каб паглядзець, як беларусы “наваляюць» канадцам.

Аднак ужо пасля 27 секунды першага перыяду, калі першая шайба трапіла ў вароты беларусаў, у заўзятараў хакея закраўся сумнеў, што зыход матча можа быць на карысць нашай зборнай.

Той, хто да гэтага часу шчаслівы чалавек і не ведае, чым скончыўся матч, паведамляем: лік матча Беларусь-Канада 9:0 на карысць канадцаў.

Права каментаваць матч пакінем прафесіяналам, мы ж пакінем тут цытаты 15 маладзечанскіх таксістаў, якія шчыра да апошняй хвіліны верылі ў тое, што хаця б адну шайбу Беларусь адквітае.

Першы перыяд. Лік на экране 4:0.

– Вось-вось цяпер пачнуць забіваць толькі беларусы.

– 7:0 лік будзе, паспрачаемся?

– Я кажу, будзе 11:0.

– Не, павінна быць да 10.

– Але больш за 8:0.

– Паспрачаемся на абед?

Пасля ліку 7:0, той, хто прайграў у спрэчцы, збіраецца сыходзіць:

– Эх, за катлету Радзіму прадаў.

– Адабраць у Калюжнага трохпакаёвую кватэру ў Мінску! Ва Узду яго жыць!

– Хлопцы, на наступнае 9 мая абвяшчаем акцыю: возім бясплатна ветэранаў і Калюжнага.

– Глядзіце, каб ён з такой гульнёй праз год у Дынама-Маладзечна не гуляў!

– Цікава, а калі б у канадцаў аднаго варатара пакінуць, нашы б перамаглі?

– У наступны раз выходзім дзесяць на пяць. Можа, тады шанец на перамогу з’явіцца.

– І абавязкова, каб у нашых варотах два варатары стаялі!

– Трэба было ўсёй камандай тупа ў вароты легчы і ляжаць.

– А тут раптам нехта ўключае тэлевізар у трэцім перыядзе: “Ну трэба ж, Беларусь-Канада 0:0″.

Фінальны лік матча 9:0. Цуда не здарылася. Беларусь на чэмпіянаце свету займае 7 месца. Гледачы-заўзятары гучна смяюцца і разыходзяцца па дамах. Пройгрыш зборнай на настрой не паўплываў.