Надыход вясенне-летняга сезона вымушае прыводзіць сябе ў належную фізічную форму, рухацца, часцей бываць на прыродзе. І без ровара гэта зрабіць магчыма, але цяжка.
У артыкуле мы сабралі месцы, дзе вы ў рэгіёне можаце ўзяць яго напракат.
МАЛАДЗЕЧНА
Сёлета ўзяць ровар напракат можна ў гандлёва-эканамічным каледжы. Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” распавёў кіраўнік фізічнага выхавання каледжа Юры Бядрыцкі.
Дзве гадзіны велавандроўкі абыдуцца вам у 30 тысяч рублёў. Калі ж браць ровар на суткі – каштаваць гэта будзе 60-70 тысяч.
Узяць веласіпед напракат можна да 18:00 ва ўсе дні, акрамя выхадных.
Сёння ў “велапарку” каледжа ёсць чатыры ровары. Працаваць велапракат будзе да канца сезона.
Яшчэ адзін велапракат працуе ў Доме быту, што па вуліцы Будаўнікоў.
Там суткі пракату дарожнага ровара будуць каштаваць 31 500 рублёў, горнага – 33 600.
У наяўнасці ёсць адзін горны веласіпед і тры дарожныя. Працуе Дом быту з 8:00 да 18:00. Выхадны дзень – субота, нядзеля.
Па тэлефоне супрацоўніца Дома быту адказала:
– Калі вы будзе браць ровар, вы адразу скажыце. Я папрашу, каб колы хоць надзьмулі.
Яшчэ ў Маладзечне працуюць некалькі прыватных фірмаў, якія таксама даюць ровары напракат.
МЯДЗЕЛ
У горадзе працуе пункт пракату веласіпедаў на базе Дома быту. Тут расказалі, што, хаця іх у наяўнасці аж 10 штук, попытам яны не карыстаюцца, таму што ў кожным санаторыі працуе свой пункт пракату. Але ўзяць напракат ровар можна штодзённа, акрамя нядзелі.
ВІЛЕЙКА
У Вілейскім Доме быту ўзяць ровар напракат можна за 5 800 рублёў у суткі. Так, пракат каштуе як палова буханкі хлеба.
Паездкі цягам месяца на вілейскім ровары абыдуцца вашаму бюджэту ў 79 600 рублёў.
Працуе Дом быту штодзень, акрамя нядзелі і панядзелка.
– Але попытам ровары, усё адно, не карыстаюцца, – адказалі ў Доме быту.
ВАЛОЖЫН
Сёлета пракату веласіпедаў у Валожыне няма. Суразмоўца з Валожынскага аддзела адукацыі патлумачыла, што “ровары былі, але хутка прыйшлі ў заняпад”. Іншых месцаў пракату ў горадзе мы не знайшлі.
СМАРГОНЬ
У Смаргоні на пытанне пра пракат ровараў адказалі:
– Ёсць толькі канькі, не трэба?
АШМЯНЫ. АСТРАВЕЦ
Пра пункты пракату ў гэтых гарадах “Рэгіянальнай газеце” дазнацца не ўдалося. Калі вы ведаеце яшчэ якія пункты пракату, раскажыце пра гэта іншым чытачам “Рэгіянальнай газеты”.