Лета – гарачы час для вяселляў. Што модна ў гэтым сезоне, якія з’явіліся навінкі і якія цэны на вясельныя паслугі, высвятляем разам.

Таццяна Казлоў­ская, гаспадыня аднаго з вясельных салонаў, расказала, што вясельную сукенку можна ўзяць напракат ад 170 тысяч рублёў да трох мільёнаў. Дзяўчаты, часцей, выбіраюць сярэдні кошт – за паўтара-два мільёны рублёў.

Звычайна выбіраюць сукенку за тры месяцы да вяселля.

У модзе сукенкі з карункамі і басачкамі

Цяпер у модзе сукенкі з карункамі, да якіх прымацаваныя басачкі альбо паясы. Раней нявесты адкрывалі плечы – цяпер большасць закрывае іх карункамі. Вэлюм – падоўжаны з карункамі альбо расшыты бісерам ці з камп’ютарнай расшыўкай. Некаторыя нявесты адмаўляюцца ад вэлюму і выбіраюць вяночак. Колер айвары (слановай косці) стаў карыстацца меншым попытам, часцей выбіраюць беласнежныя сукенкі.

Раней нявесты адкрывалі плечы – цяпер большасць закрывае іх карункамі. Фота Антона Шабуневіча.

Раней нявесты адкрывалі плечы – цяпер большасць закрывае іх карункамі. Фота Антона Шабуневіча.

Гаспадыня вясельнага салона раіць выбіраць сукенку з маці альбо сястрой. Яны сапраўды могуць параіць, што пасуе дзяўчыне, падкрэслівае яе прыгажосць.

Таццяна Казлоўская адзначае, што рэдка дзяўчаты, якія прыхо­дзяць выбіраць сукенку з сяброўкай, выбіраюць той варыянт, які падыходзіць да твару, пасуе да фігуры.

– Звычайна сяброўкі раяць тыя ўборы, якія б апранулі самі, – дзеліцца досведам жанчына. – Аднак яны не заўсёды падыходзяць нявесце.

 У практыцы Таццяны Казлоўскай быў выпадак, калі сяброўка дапамагала выбіраць сукенку нявесце. Дзяўчына паказвала пэўныя мадэлі, раілася наконт іх. У выніку прадавачка заблыталася, каму выбіраюць сукенку. Калі дайшлі да прымерачнай, аказалася, што ў нявесты іншы памер, а прапанаваныя сукенкі ёй наогул не падабаюцца.

– Часам нявесце з выбарам дапамагае жаніх, – усміхаецца Таццяна. – Звычайна для яго важна, каб сукенка не была вельмі пышная, каб жаніх мог падступіцца да нявесты. Асаблівых адрозненняў паміж сукенкамі мужчыны не бачаць. Для іх гэта проста белая сукенка, якая робіць яго суджаную незвычайнай.

Белыя сарочкі для жаніхоў выйшлі з моды

Касцюм для жаніха напракат можна ўзяць за 300 тысяч рублёў. Купіць ад 300 тысяч да 3 мільёнаў рублёў.

– Жаніхі выбіраюць касцюмы і сарочкі пераважна светлых колераў, – расказвае супрацоўніца магазіна “Рэспект”. – Карыстаюцца попытам касцюмы белага, малочнага колераў. Да касцюмаў мы дапамагаем выбраць сарочку, запінкі, гальштук альбо бабачку.

Касцюм падбіраюць так, каб ён пасаваў да ўбора нявесты. 

Жаніхі выбіраюць касцюмы і сарочкі пераважна светлых колераў. Фота Антона Шабуневіча.

Жаніхі выбіраюць касцюмы і сарочкі пераважна светлых колераў. Фота Антона Шабуневіча.

Гаспадыня вясельнага салона “КаханаЯ” Зоя Клімовіч адзначае, што напракат бяруць касцюмы сіняга, васільковага колераў, да іх – бэжавыя, ружовыя сарочкі. Белыя сарочкі цяпер не карыстаюцца асаблівым попытам.

Вяселле складаецца з дробязяў, купляючыя якія маладыя з галавой акунаюцца ў свята. Такія прыемныя дробязі, як падушачкі для пярсцёнкаў, можна купіць за 35 – 50 тысяч рублёў, букет-муляж – за 50 – 85 тысяч рублёў. Хустачка, якой пакрывае галаву нявесты свякроў, каштуе ад 50 да 160 тысяч рублёў.

Нявесты хочуць фотасесію, жаніхам гэта непатрэбна

Памяць пра вяселле дапамогуць захаваць фотаздымкі і відэа.

Мінімальны пакет фотаздымкаў (рэгістрацыя ў ЗАГСе і прагулка) можна заказаць ад паўтара да трох мільёнаў рублёў, звычайны пакет (зборы нявесты і жаніха, выкуп, роспіс, прагулка і банкет) каштуюць ад трох з паловай да шасці мільёнаў рублёў.

Перад вяселлем фатограф раіць зрабіць фотаздымкі тыпу Love Story. Фота Антона Шабуневіча.

Перад вяселлем фатограф раіць зрабіць фотаздымкі тыпу Love Story. Фота Антона Шабуневіча.

Фатограф Антон Шабуневіч раіць маладым парам перад вяселлем зрабіць фотаздымкі тыпу Love Story, каб яны ўбачылі, як працуе фатограф, убачылі фотаздымкі – а раптам не спадабаюцца.

– У большасці выпадкаў дзяўчына хоча зла­дзіць перадвясельную фотасесію, а вось жаніхі не вельмі ахвотна пага­джаюцца, – дзеліцца досведам фатограф. – Таму многія знаёмяцца з работай фатографа толькі на вяселлі.

Навінка сезона – лімузін-карэта

Узяць машыну напракат – каля 400 тысяч рублёў за гадзіну. Карыстаюцца попытам рэтра-машыны, напрыклад, ГАЗ-21. Навінкай сезона стаў лімузін-карэта.

На вяселлях карыстаюцца попытам рэтра-машыны. Фота Настассі Роўды.

На вяселлях карыстаюцца попытам рэтра-машыны. Фота Настассі Роўды.

У маладых таксама ёсць магчымасць зрабіць першы танец незвычайным, у гэтым дапаможа спецыяліст. Цана за пастаноўку танца – 500 тысяч рублёў.

Вясельныя афармляльнікі сталі прапаноў­ваць арэнду шакаладных фантанаў і фантанаў для напояў. Фантан 20 сантыметраў каштуе каля 150 тысяч рублёў, сярэдні, у 36 сантыметраў, – каля 300 тысяч рублёў, вялікі, 50 сантыметраў, – каля 400 тысяч рублёў. Аднак у цану арэнды не ўваходзяць цэны на шакалад і напоі.

Рэстаўратар з Вілейкі: “Такія машыны рамантуюць ломам і моцным словам”

Фота з вяселля ў газеце – і ваш падарунак будзе самы непаўторны!

Мужчына і жанчына памяняліся ролямі – разбураюцца сем’і

Экспрэс-апытанне ў рэгіёне: ці мяняе ўзаемаадносіны штамп у пашпарце?