Невялічкая вёска ля Латыгаля Вілейскага раёна. Гаспадар дома выйшаў на двор, падышоў да ката, які грэўся на сонцы, каб пагладзіць яго. Кот трымаў у зубах нешта шэранькае.

Калі гаспадар дома прыгледзеўся, аказалася, што ў лапах хатні драпежнік трымае амаль метровага вужа. Такую гісторыю расказаў нам наш чытач, які пажадаў застацца невядомым.

– Тое, што гэта вуж, а не змяя ядавітая, я здагадаўся па жоўтых вушках. Пасадзіў вужа ў слоік, хацеў пакінуць жыць дома, бо ён пасля сустрэчы з катом выглядаў кантужаным.

Але хутка ачуняў, і мы адпусцілі яго на волю.

Гэта не першы выпадак сёлета, калі кот цягне дадому жыўнасць.

– На рахунку хатняга любімца тры палявыя мышы і дзве птушкі. Праўда, за з’едзеных птушак кот атрымаў пад хвост, – смяецца гаспадар ката.