А чым займаюцца людзі гэтай таямнічай прафесіі ў Маладзечанскім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі – адказ у артыкуле.

20 мая адзначаецца Сусветны дзень метралогіі.

З гэтай нагоды мы папрасілі зладзіць экскурсію па прадпрыемстве  для “Рэгіянальнай газеты”. Нашым гідам быў начальнік аддзела Пётр Палын:

– Многія людзі нават не здагадваюцца, як шмат у нашым жыцці дакладных лічбаў і вымярэнняў. Нават калі толькі нарадзіўся чалавек і ў яго пакуль няма імені, а яго рост, вагу і тэмпературу ўжо памералі. Вось якраз тым, каб вымярэнні былі дакладныя, прыборы працавалі як гадзіннік, наш цэнтр і займаецца.

У цэнтры працуюць некалькі лабараторый: геаметрычных вымярэнняў, механічных, электрычных, фізіка-хімічных, цеплатэхнічная. У гэтых лабараторыях правяраюць прыборы, якія выкарыстоўваюцца абсалютна ў розных сферах жыцця.

У цэнтр звяртаюцца будаўнічыя фірмы, каб правяраць нівеліры, грунтвагі і іншыя будаўнічыя прылады. Гандлёвыя прадпрыемствы раз на год абавязаныя прыносіць у цэнтр на праверку вагі. ДАІ, аўтобусны парк і іншыя арганізацыі, дзе працуюць кіроўцы, прыносяць сюды алкатэстары. Медыцынскія ўстановы – танометры. Звяртаюцца і гаспадары станцый тэхабслугоўвання. Яны правяраюць манометры. Запраўкі правяраюць калонкі, аўтамабілісты – спідометры.

Працэдура праверкі прыбораў на адпаведнасць стандартам уяўляе сабой цэлы механізм. Спецыялісты цэнтра, якіх называюць павяральнікамі, пры дапамозе дарагіх і дакладных прыстасаванняў старанна правяраюць прыборы. Затым вынік праверкі яны заносяць у пратакол, у якім пазначаецца, ці прыдатны прыбор для далейшага выкарыстання.

Наталля Шкода працуе ў цэнтры павяральніцай

Наталля Шкода працуе ў цэнтры павяральніцай

Калі мы былі ў цэнтры, на подпіс да Пятра Міхайлавіча прынеслі пяць пратаколаў аб праверцы лічыльнікаў вады. І ні адзін з іх не прайшоў праверкі.

Таму, калі вы не ўпэўненыя ў тым, ці дакладна працуюць вашы лічыльнікі, танометры і іншыя прыборы, вы можаце смела прыносіць іх сюды.

Праверка танометра абыдзецца ў 50 тысяч рублёў. Але, як кажа Пётр Палын, здароўе даражэйшае.

Акрамя прыбораў, якія правяраюцца ў цэнтры, інжынеры-метролагі выязджаюць і ў камандзіроўкі.

– Пагадзіцеся, цяжка да нас прывезці заправачную калонку, – жартуе Пётр Міхайлавіч.

А калі сур’ёзна, спецыялісты цэнтра правяраюць аўтамабільныя і нават чыгуначныя вагі.

– У нас на такія праверкі выязджаюць два ЗІЛы, на якіх пагружаныя 8 гірак. Кожная па 500 кілаграмаў.

А ёсць вагі, якія адчувальныя нават да паветра. Адкрыеш шкляны каўпак, а яны ўжо і паказалі пэўную вагу.

У памяшканні павінна захоўвацца пэўная тэмпература і вільготнасць, дэманструе начальнік цэнтра Пётр Палын

У памяшканні павінна захоўвацца пэўная тэмпература і вільготнасць, дэманструе начальнік цэнтра Пётр Палын

Таму ў лабараторыях захоўваецца пэўная тэмпература і вільгаць. Усе дзеля таго, каб былі ўпэўненыя, што вы гаспадар самага дакладнага прыбора.

Дарэчы, жарты пра метролагаў – гэта зусім не жарты.

– Бывала, нам тэлефанавалі, пыталіся, якое заўтра будзе надвор’е. Ды вось, мы не метэаролагі. А яшчэ пытаюцца: вы будуеце метро? Адказваю, не! Мы метролагі. Ад грэчаскага мера і навука. Спецыялісты, якія займаюцца вымярэннямі і робяць гэта па навуцы.