Перамога ў папярэднім туры над “Бярозай-2010”, лепшы старт у чэмпіянаце за апошнія пяць год – усё гэта матывавала смаргонцаў на пераможны вынік супраць “Оршы” ў дамашнім матчы 17 мая.

Аршанцаў з цяжкасцю можна назваць моцным серадняком. Але трэнеры папярэджвалі гульцоў, што не варта недаацэньваць саперніка.

У пачатку сустрэчы госці стараліся гуляць на роўных з нашай камандай. Але “чырвона-чорныя” паступова пачалі забіраць ніці гульні пад свой кантроль. Ужо на 20-й хвіліне Сяргей Бандарэнка магутна “стрэліў” з-за межаў штрафной. Мяч трапіў у перакладзіну.

А на 31-й хвіліне Сяргей Крот адкрыў лік. Ён скарыстаўся памылкай варатара аршанцаў, які адбіў мяч прама на нагу нападаючаму “Смаргоні”.

Перад самым перапынкам госці атрымалі яшчэ два галы. Дублем адзначыўся Яўген Калінін. На 42-й хвіліне пасля навесу галавой пераправіў мяч у сетку гасцей, а на 45-й хвіліне выйшаў адзін на адзін з галкіперам і тэхнічна перакінуў мяч праз яго.

За другі тайм аршанцы нанеслі адзін удар у створ варот

У другім тайме малюнак гульні абсалютна не змяніўся. Атакавалі гаспадары, госці абараняліся. За ўвесь другі тайм аршанцы ўмудрыліся нанесці ў створ нашай каманды усяго толькі адзін удар.

На 63-й хвіліне Аляксандр Талканіца дакладным пасам вывеў на ўдарную пазіцыю Дзмітрыя Жданка – 4:0.

На 66-й хвіліне на поле выйшаў Уладзімір Казко. У канцы матчу ён за дзве хвіліны аформіў “дубль”. Галы атрымаліся амаль аднолькавыя. Атрымаўшы мяч, Уладзімір абодва разы класнымі ўдарамі з лініі штрафной плошчы прымусіў капітуляваць галкіпера аршанцаў.

Вынік – 6:0 на карысць “Смаргоні”. За першыя пяць тураў гэта самая буйная перамога ў цяперашнім чэмпіянаце.

А “чырвона-чорныя” паўтарылі свой найлепшы пераможны вынік у першай лізе. У далёкім 2004 годзе з такім жа лікам, 6:0, абыгралі калінкавіцкую “Вертыкаль”.

Шэсць галоў ды іншыя небяспечныя моманты глядзіце ў відэаглядзе з сайта fc-smorgon.by