Трое маладзечанцаў Аляксандр Альфер, Стас Абрамовіч і Андрэй Козік пазычылі народныя строі ў Мінскім абласным драмтэатры і накіраваліся ў Чэхію, каб на свае вочы пабачыць гульню зборнай Беларусі.

Расказвалі “Рэгіянальнай газеце”, што адбываецца ў Празе і ў горадзе Остраве наўпрост па тэлефоне, перыядычна дасылаючы паведамленне, што ў Чэхіі вельмі слабы інтэрнэт.

На першае пытанне, як праходзіць чэмпіянат у Чэхіі, Аляксандр адказаў:

– А што адбываецца? Усе п’юць. І вельмі мала інфармацыі пра тое, што ў краіне ідзе чэмпіянат свету.

Хлопцы з Маладзечна наведалі матч з Фінляндыяй, а вось на матч супраць Канады не трапілі:

– Білет каштуе 100 еўра, надта “тлуста”, каб ісці на гульню.

– Дарэчы, – дадае Стас, 

білеты на матчы зборнай Беларусі каштавалі 15 еўра, на зборную ж Расіі або Чэхіі – 100.

Дарэчы, хто ўважліва глядзеў трансляцыю матча супраць зборнай Фінляндыі, маглі заўважыць сумнага беларуса ў народным строі, што сядзеў, падпёршы рукой бараду, пасля таго, як наша каманда саступіла. Гэта і быў Аляксандр:

– Народныя строі пазычылі ў Мінскім абласным драматычным тэатры.

– Хацелі выглядаць каларытна і аднолькава, ­– дадае Андрэй.

– Увогуле, беларусаў у Чэхіі было шмат. Падтрымлівалі адзін аднаго, пазнавалі.

– Як ставяцца там да беларускай зборнай?

– Цудоўна, усе называюць беларусаў годным сапернікам.

– Пра нашых хакеістаў даводзілася чуць толькі добрае. Нават у фан-зоне пасля матча з Нарвегіяй адзін славак сказаў, што наша зборная больш вартая выхаду ў плэй-оф, чым іх, славацкая зборная. І дзякавалі за тое, што мы перамаглі славакаў.

– Ад краіны якія ў вас уражанні?

– Магу сказаць, – кажа Аляксандр, – што добра тут паесці каштуе каля 10 еўра. У нас у магазінах прадукты і то даражэй. І паўтаруся, вельмі мала інфармацыі пра тое, што праходзіць чэмпіянат свету.

– Так, – кажа Андрэй, – у гэтым сэнсе мне больш спадабаўся горад Острава.  Гэта не такі вялікі горад, як Прага. У Празе чэмпіянат згубіўся сярод мільёнаў турыстаў. А ў Остраве можна было знайсці таварыша па інтарэсах незалежна ад нацыянальнасці.

Стасу наогул арганізацыя чэмпіянату ў Празе не спадабалася:

– Па-першае, лядовую арэну знайсці нерэальна. Усе абвесткі ў метро на чэшскай. Па-англійску мала хто разумее. Здзівіла тое, што фан-зона працавала толькі да 9 вечара. Матч яшчэ ідзе, а ў фан-зону ўжо нікога не пускаюць.

На матчы, як сказаў Стас, з не топавымі зборнымі, заганялі шмат школьнікаў.

– І што асабліва здзівіла, у продажы не было ніякай сувенірнай прадукцыі.

Падсумоўваючы размову, хлопцы былі адзінагалосныя ў меркаванні, што ў Чэхію ехаць адназначна варта.

– Гэта выдатная краіна, і цэны для беларуса выдатныя. Прага сама вельмі прыгожы горад. Не думаю, што можна параўнаць чэмпіянат у Аўстрыі ці Германіі з чэмпіянатам у Расіі ці ў Чэхіі. Усё залежыць ад краіны.

– А я раіў у любым выпадку, калі ёсць такая магчымасць, наведваць чэмпіянаты сусветнага ўзроўню ў іншых краінах. Час, праведзены там, не забываецца, – адказаў Аляксандр.