На прыём прыйшлі прадстаўнікі кампаніі, якая займаецца рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве турыстычнага комплексу паляўнічага і рыбалова ў курортным пасёлку Нарач. Інвестдагавор падоўжаны да 1 верасня гэтага года, але да гэтага часу няма адводу зямлі і дазволу прыступіць да будаўніцтва аб’екта.

Па разліках прадстаўнікоў кампаніі, будаўніцтва павінна было пачацца 1 мая, аднак прэтэнзіі да праекту выказаў Камітэт дзяржбяспекі. Такім чынам, пачатак работ на аб’екце адкладаецца, і калі кампанія не зможа пабудаваць комплекс у тэрмін, то ёй давядзецца заплаціць штраф. Таму кампанія звярнулася з просьбай падоўжыць тэрмін інвестдагавора.

Сямён Шапіра растлумачыў, што гэтую сітуацыю павінна вывучыць спецыяльная камісія ў Мінаблвыканкаме, якая ўсталюе, па чыёй віне зацягнулася рэалізацыя праекта. Калі гэта адбылося па віне абласных службаў, інвестпраект будзе працягнуты без прымянення штрафных санкцый. Кіраўнік рэгіёну таксама звярнуў увагу, што кампанія прэтэндуе на ўчастак плошчай 1,5 га, хоць аналагічны комплекс можна пабудаваць і на меншай тэрыторыі.

Сямён Шапіра папярэдзіў, што Мінаблвыканкам возьме на асаблівы кантроль рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у курортнай зоне Нарачанскага рэгіёну. “Пад выглядам турыстычных аб’ектаў некаторыя спрабуюць пабудаваць сабе прыватныя дамы на берагавой лініі. Такога не будзе”, падкрэсліў ён.

Акрамя таго, Сямён Шапіра звярнуў увагу, што некаторыя кампаніі свядома прыніжаюць кошт інвестпраектаў, каб паменшыць кошт штрафных санкцый у выпадку несвоечасовай здачы аб’екта. “Вы паказваеце, што кошт вашага праекта Br2 млрд, але гэтая сума наўрад ці адпавядае рэчаіснасці”, – заўважыў ён.