Наш чытач не застаўся абыякавым да з’яўлення паркоўкі для ровараў ля хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы. Выпрабаваў яе і даслаў у рэдакцыю ліст.

Падпісаны ён, калі ўдалося правільна разабраць, пенсіянерам Віктарам Кукушкіным:

“Пішу наконт парковак для ровараў. Прыгожа, прыемна, але не для ўсіх ровараў і з недахопамі канструкцыі. Свой ровар, а такіх хуткасных шмат, я паставіць не змог”.

Чытач парады з малюнкам прыклаў. Указвае, што “вузкая адлегласць паміж трубамі, не заходзіць вілка”. Піша, што “не хапае ніжніх апор, бакавых, для колаў. Гэта асноўная памылка ўсіх парковак”.

Фрагмент з ліста

Фрагмент з ліста

І дадае: “Правільна зробленыя паркоўкі па вуліцах 17 Верасня ля “Белаграпрамбанка” і па вуліцы Вадап’янава ля мэблевай крамы. Так што хай улічаць гэтыя парады і зробяць прыгожа і зручна”.

Вілка ровара не заходзіць

Пацвярджае, што не ўсе ровары можна ўладкаваць на гэтай паркоўцы, стваральнік вілейскага роварнага руху Георгі Комар. Ездзіць ён на горным хуткасным нямецкім “Фокусе”.

– У сучасных ровараў зусiм iншая сiстэма і колы шырэйшыя. Асабліва калi стаiць дыскавы тормаз, як у майго ровара, то зусiм не паставіш яго памiж труб. А з тормазам тыпу “вi-брэйк” ёсць шанец паставiць, бо сам механiзм знаходзiцца зверху i зацiскае вобад кола. Да таго ж шырыня амартызацыйнай вiлкi з колам майго ровара каля 300 мiлiметраў. Так што, неабходна, каб зазор памiж трубамі быў не меншы.

У прыклад Георгі прыводзіць паркоўку каля “Еўраопта”, што ля “Зеніта”. Там можна яго ровар паставiць.

Праверыў паркоўку рэдакцыйны эксперт Ігар Мароз на звычайным “Бусле”. Колы яго ровара ўвайшлі толькі на трохі: маленькая адлегласць паміж трубамі, то вілка ровара не заходзіць.

Заўвагі чытача ўлічаць

Гэтую паркоўку ўладкавалі ў межах конкурсу “Так – роварнаму руху”. Праводзіла яго грамадскае аб’яднанне па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага раёна“ЗОВіК”. Праводзіла яго грамадскае аб’яднанне па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага раёна“ЗОВіК”. Парады чытача перадалі старшыні праўлення “ЗОВіК” Таццяне Цітуленцы.

– Найперш хачу выказаць шчырыя словы падзякі чытачу – за яго ўвагу да парковак і за тое, што ён карыстаецца роварам для язды па горадзе, – кажа яна. – Цяпер заканчваем вырабніцтва і паступова ўстанаўліваем яшчэ тры паркоўкі. Некаторыя з іх зробленыя зусім па-іншаму. Спадзяюся, што там можна будзе паставіць розныя ровары – у тым ліку і хуткасныя, як у чытача. У далейшым, калі будзем зноў рабіць паркоўкі, абавязкова ўлічым гэтыя заўвагі.