Пра роднае Людвінова, маладзечанскі футбол і знаёмства з багатым унутраным светам тэлевізараў успамінае вядомы футбаліст Павел Бяганскі.

–  Як вы ўвогуле патрапілі ў рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву?

– Выпадкова. Абсалютна выпадкова. Сам я з-пад Вілейкі. Вёска Людвінова. Кажуць, жыў у нас там пан Людвіг. Вось у гонар яго і назваліся. Насельніцтва маленькае – да тысячы жыхароў. Я толькі ў 13 год пачаў у футбол гуляць арганізавана. Ну, там – чэмпіянат раёна і г.д. Каманда ў нас называлася “Зверасаўгас”. У часы СССР у Людвінове працавала адна з найбуйнейшых зверафермаў. Вырошчвалі пясцоў, ліс, норак. Як цяпер памятаю, чэргі з 10-15 літоўскіх фур за скуркамі. Гэта адбывалася зімой, калі ішоў забой звера. Маці працавала брыгадзірам. Каб ты разумеў, дапусцім, была тысяча галоў лісіц і тысяча пясцоў. Футра лісы, дарэчы, лічыцца больш каштоўным. За звярамі даглядалі спецыяльна навучаныя людзі. Мама кантралявала іх працу. Бацька працаваў там жа – кіроўцам. Ужо 40 гадоў стажу. Зараз, праўда, ферму пахерылі. Можа, засталіся тры лісіцы і два пясццы для выгляду – і ўсё.

“Ідзі наперад, пабегай там”

Увогуле, гулялі на чэмпіянаце раёна. І вось аднойчы да нас прыехаў трэнер з Маладзечна –  Аляксандр Пятровіч Гармаза. Ён выступаў у складзе сапернікаў. А я стаяў у варотах за Людвінова. Маладзечна тады якраз збіралася на чэмпіянат вобласці. І ў іх варатар зламаўся. Так Гармаза прапанаваў мне далучыцца. Я пагадзіўся. Па-мойму, у Жодзіне мы тады гулялі. Па прыбыцці аказалася, што з варатаром усё нармальна. Тады Гармаза махнуў рукой: “Ай, раз узялі цябе, дык ідзі наперад, пабегай там”.

Ну, я схадзіў. У першай гульні тры забіў. У другой – чатыры. Гармаза задумаўся: “Малыш, чуеш што, давай-ка ты перавядзешся ў Маладзечна”. А я якраз заканчваў дзявяты клас.

Фота з сайта by.tribuna.com.

Фота з сайта by.tribuna.com.

 “Пакажы мне зараз разварочаны тэлевізар, я яго, напэўна, спужаюся”

Гармаза абяцаў дапамагчы з паступленнем у вучэльню і інтэрнатам. Але я сваімі сіламі справіўся. Нікому не тэлефанаваў. Павінен быў стаць майстрам па рамонце тэлевізараў, а аказаўся футбалістам. Год пражыў у Маладзечне. Хадзіў у вучэльню і трэніраваўся. Шчыра, нас нічому асабліваму не вучылі. Толькі раз у два тыдні збіраліся ў аўдыторыі, дзе дзядзечка тлумачыў дзікія формулы, каб было зразумела, з чаго складаецца схема і як яна працуе. Увогуле, распавядаў пра багаты ўнутраны свет тэлевізараў. Тады плоскіх манітораў яшчэ не было. Вось і вывучалі, як працуюць ўсякія лямпы напальвання і іншае. Тая вучоба толкам нічога не дала. Пакажы мне зараз разварочаны тэлевізар, я яго, напэўна, спужаюся.

Увогуле, футболам я цікавіўся больш. І вось неяк сустрэліся з юнацкай зборнай нашага ўзросту. Яе трэніраваў Юрый Антонавіч Пышнік. Па завяршэнні матчу Пышнік падышоў да трэнера Маладзечна: “А што гэта ў цябе за палка наперадзе бегае?” – “Ну, вось, бегае”. Потым Антонавіч звярнуўся да мяне: “У РВАР хочаш?” А я вясковы хлопец у поўным разуменні. Абсалютная сяло. Па-першае, школы ніякай. Ні спыніць, нічога. Шчыра, я даведаўся, што такое “жангліраваць” толькі ў Маладзечне. Дрэва проста. Але бег, што не спыніць.

Па-другое, “каго-чаго” – па жудасці гэкаў. Мог спартыўныя штаны з класічнымі чаравікамі надзець. Маладзечна, безумоўна, крыху выбіла з мяне вёску. Хоць я ніяк не саромеюся свайго паходжання. Ды і цяпер жыву ў маленькім горадзе.

Увогуле, вядома, мне было прыемна запрашэнне Пышніка, і я хацеў у Мінск. Прыехаў дадому, патлумачыў сітуацыю бацькам. Мама ў слёзы: “Не пушчу!” Бацька кулаком па стале – плясь: “Няхай едзе!” Так я і трапіў у РВАР. Яшчэ чатыры гады – і перабраўся ў БАТЭ.

Цалкам чытайце тут

Даведка “РГ” Павел Бяганскі – беларускі футбаліст. Нарадзіўся 9 студзеня 1981 года ў Людвінове на Вілейшчыне. Футбольную кар’еру пачаў у Маладзечне, у ДЮСШ. Выступаў за БАТЭ, МТЗ-РІПА, “Шахцёр” і іншыя беларускія клубы. Гуляў у Казахстане, Румыніі, на Украіне. Цяпер гуляе за “Днепр” з Рагачова ў другой лізе чэмпіянату Беларусі па футболе.