Як зрабіць сваю вандроўку ў Афрыку незабыўнай, дзеліцца дырэктар Вілейскага дзяржаўнага каледжа Ігар Кіцікаў.

Пачатак падарожжа з першых крокаў

Пяць, чатыры, тры, два, адзін – і боінг кідае сваю тушу ў нябёсы. Пасля набору вышыні пасажыры дружна выдыхаюць.

Народ на борце лайнера розны: нехта цішком цісне “віскар”, суседка спрабуе адправіць смс, не разумеючы, што ў яе ў руках апарат сотавай сувязі, а не касмічнай. Нехта моліцца – ці то ад страху, ці то карыстаецца выпадкам, што апынуўся бліжэй да Бога. А пераважная большасць дастае гаджэты розных масцей і калібраў і пачынае дружна ганяць шары, забіваць казла і пяліцца на маніторы іншых.

Мы з каханай дружна разглядаем планету, бо абое географы, у яе натуральную велічыню. Робім сумеснае сэлфі над Істамбулам, заўважаем маленькага анёла, які стрэльнуў у нас сонечным праменьчыкам, і чакаем Каір і піраміды.

І вось капітан паветранага карабля аб’яўляе, што пад намі піраміды. Нават з вышыні тры тысячы футаў адчуваецца іх прыгажосць залатога сячэння і непакорнасць часу. Побач велічна ляжыць Сфінкс, зорка ахоўваючы цэльнасць сусвету.

Яшчэ паўгадзіны і – прывітанне Хургада (горад у Егіпце і турыстычны цэнтр на Чырвоным моры – рэд.).  

Засяленне ў гатэль

Мы засяляемся ў шыкоўны, у віктарыянскім каланіяльным стылі гатэль. Шмат мармуру, дрэва, бронзы, праўда, усё пакрытае пацінай часу. Няўжо і сапраўды будаваўся ў часы каралевы Вікторыі. За вылізанымі фасадамі будынкаў і тэрыторый вакол бачныя закінутыя пабудовы, будаўнічае смецце. Як у казцы, карэта ператварылася ў гарбуз, а пяць зорак на фасадзе – у троечку на задворках.  

Не сказаць, што мы гэтага не ведалі, у інтэрнэце глядзелі фота, чыталі водгукі. Ды толькі эйфарыя перад адпачынкам, бюджэтная цана (сярэдняя зарплата па краіне), вылет з Мінска, і мы маем тое, што маем.

Але мора, вада якога ахутвае цябе пяшчотай, ласкай і любоўю. Вячэра з рыбай, якая растае ў роце, глыток рому з колай, водар закаханасці ў цудоўную спадарожніцу, рамантычная вячэра, салодкая арабская ноч. Сняданак са свежым тваражком з вярблюджага малака, кофе па-егіпецку, і вось лічыльнік бальнасці гатэля робіць шчаўчок уверх. І мы бачым чатыры зоркі. Не важна, што вакол нас, важна, што ўнутры…  

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.

Першыя ўражанні

Тры дні не мог знайсці чарніла і паперу, каб пісаць, трапляўся толькі ром і папірус. А ромам па папірусе нават у Егіпце не пішуць.

Сацсеткі робяць сваю каварную справу, разбураюць сем’і і перашка­джаюць адпачываць на моры. Як, скажаце вы? А вось так. Адна палова адпачывальнікаў бачыць сябе зоркамі ці зорачкамі інэта, іншая – прафесійнымі фатографамі, чые шэдэўры чакаюць-не дачакаюцца ОК, ВК і іншыя сеткі, у якія вы даўно патрапілі і не можаце выбрацца. Нашы фота на моры рабіў араб-профі з фірмы “Залаты оскар”.

Хургада – горад усходніх палацаў і казачных замкаў  

Дзясяткі кіламетраў усходніх палацаў з “Тысячы і адной ночы”, казачных замкаў, формы якіх вагаюцца ад класічных да фантастычна-сюррэалістычных, патанаюць у зеляніне.

Хаця вада ў горад падаецца па трубаправодзе за 240 кіламетраў ад Ніла. Салодкай арабскай ноччу гэтыя палацы і замкі свецяцца мірыядамі ультраяркіх лямпаў і ствараюць містычныя цені, у якіх хаваюцца піраміды і блукаюць Фараоны.

На вуліцах сотні і тысячы лавачак, крам і крамак, ёсць з назвамі Мішутка, Матрошка, Алілуя. З алеямі, прыправамі, чаямі,  скурай, серабром і ўсім астатнім, без чаго можна абысціся, але немагчыма паехаць, не купіўшы.

Поўная адсутнасць цэннікаў, касавых апаратаў, компаў, сканераў, банераў і астатняй мішуры цывілізаванага гандлю. Прадаўцы там выключна хлопчыкі маладога і сярэдняга ўзросту. Напэўна, збіраюць грошы на вярблюдаў, каб заплаціць калым. Яны галоднымі поглядамі праводзяць славянскіх прыгажунь з кучаравымі валасамі і стройнымі бровамі.

Трохі ў баку ад берага – жылыя кварталы, тыпу нашых пяціпавярховак, ва ўсходнім стылі. Ёсць раён Русгарда, у якім жывуць выхадцы з постсавецкай прасторы.

Ужо на другі дзень тыя, хто адпачываў у нашым гатэлі, стварылі сваю дыяспару Белгурда, у якую ўвайшлі ваш не зусім пакорны слуга слова, мая каханая спадарожніца, дзве міленькія мінчанкі год 30 і адзін мужчына нявызначанага ўзросту, але адназначна ваеннай прафесіі. Праўда, часта ён выпадаў з нашага кола захапленняў, яму падабалася ў адзіноце знішчаць запасы рому, прызначанага для будучых пакаленняў адпачывальнікаў.

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.

Усё ўключана

Не ведаю, хто прыдумаў тэрмін “усё ўключана”, але, наведаўшы пяць рэстаранаў нашага комплексу, я так і не знайшоў сала, вэнджанай кілбасы, селядцоў пад шубай, гарошку і шмат іншых, звыклых нам з дзяцінства, прадуктаў.

Таму, бывае, даводзілася закрывацца ў нумары ці ісці на пустынныя пляжы. Там наразаць вялікімі кавалкамі сала з дзвюма праслойкамі ў чатыры пальцы, ламаць пальцампханую кілбасу і пад злёгку з гарчынкай ром, не разбаўлены, дзяліцца тайнамі стварэння такіх звыклых нам з дзяцінства кулінарных радасцяў і зусім незразумелых егіпцянам.

Аднойчы на пах прыбег пустынны шакал.

Калі мая мілая, успамінаючы нашага Тархана, падзялілася кавалачкам свініны, незнаёмай прадстаўнікам мясцовай фаўны, ён паспрабаваў яе лізнуць, але вымушаны быў рэціравацца пад дружнае ўлюлюканне нашай кампаніі.

Праз два дні мы сустрэлі яго ў адной з лавак, дзе ён сумна глядзеў на нас шклянымі вачыма чучала. Калі адна з мінчанак прымярала ўсходнія тапачкі Алі-бабы, чучала скокнула ёй на нагу і спрабавала яе ці то лізнуць, ці то ўкусіць. Па-іншаму гэта называецца тэорыяй парных выпадкаў. Увогуле парных выпадкаў было шмат. Некаторыя з іх былі як успышка звышновай зоркі, ад якіх кружылася галава і хацелася, нягле­дзячы на 220 фунтаў вагі, лятаць.

І шмат хто лятаў – на парапланах, на буксіры хуткаходных катараў. Але мы шукалі марскія падарожжы.

Райскі востраў

Калі ружовы буёк сонца ўсплыў з глыбінь Чырвонага мора, беласнежная яхта капітана Махмедачкі несла нас на райскі востраў. Перад гэтым быў майстар-клас па завязванні усходніх хустачак (я быў у ролі шэйха), танца жывата, дзе запальвалі тыя, каму далёка не да запальванняў. Але што робіць афрыканскае паветра?! Адна мая знаёмая, а можа, і не адна, нават закахаліся.

Затым хор падарожнікаў пад тамтамы пустых вёдзер распяваў “Кацюшу”. Былі фотасесія аля “Тытанік”, праўда, са шчаслівым канцом, “знесеныя ветрам”, “прапаўшыя ў часе” і “выкінутыя на бераг”. Гульні, наперагонкі з дэльфінамі. Пагружэнне ў адкрытым моры да каралаў, за гэта на мяне сварыўся інструктар, што чуць не схапіў за хвост метровую мурэну. Пагружэнне ў батыскафе, дзе ў ілюмінатар назіралі, як мясцовы чалавек-амфібія карміў рыбак, якія, быццам матылькі на святло, плылі да яго.

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.

Узровень абслугоўвання

Бывае, па вечарах, ка­лі не пелі караоке, не танцавалі танец жывата, не круцілі спадніцу Танура – нацыянальны мужчынскі танец са спадніцамі – мы знаёміліся з інтэр’ерамі атэляў. У комплексе (Golden 5 City) іх было пяць, выкарыстоў­валіся ўсе рэстараны і бары па сістэме усё ўключана.

Канешне, узровень абслугоўвання і ступень разбаўленасці алкаголю мелі прамую залежнасць ад ступені зорнасці атэля. Аднак пры прад’яўленні пасведчання з партрэтам першага прэзідэнта Джорджа Вашынгтана і назвы паролю “Падарунак” мы адразу станавіліся сябрамі і братамі.

А бармены і афіцыянты спрабавалі ўбачыць самае дно тваіх вачэй, прабрацца ў душу, ускрыць мазгі толькі з адной мэтай – вызначыць, ці ёсць у цябе яшчэ гэтыя чараўнічыя паперкі і ці гатовы ты як добры самарыцянін падзяліцца імі.

Было і такое, калі давялося, парушыўшы нейтралітэт, голасна сказаць, што ігнараванне просьбы беларускага хлопца можа прывесці да таго, што “Арабская вясна” здасца ім “Ласкавым маем” і ўжыць некалькі моцных слоўцаў. Пасля гэтага ў імгненне вока ўсё з’яўлялася на стале.

Не шкадуйце слоў прывітання і ўдзячнасці, усмешак і дэманстрацыі сваіх беласнежных зубоў,  рабіце і ўручайце маленькія падарункі.  Тады ўсё атрымаецца.

Падарунак ад першага міністра фінансаў ЗША Аляксандра Гамільтана – ён адлюстраваны на дзясятцы долараў – дазволіў атрымаць нумар не з відам на пяціметровую агароджу і не на дах тэхбудынка, пакрыты руберойдам, які плавіцца ад сонца. Нумар выходзіў на басейн з блакітнай вадой і ізумрудна перламутравую даль мора ў кайме фінікавых пальмаў, на аддаленні ад рэстарана, што дазволіла пазбегнуць шуму.

Якое задавальненне! Раніцай прачынаемся, спускаемся з другога паверха і ныраем у 25-метровы басейн. Паплаваўшы, атрымліваем пляжныя ручнікі. Трапляем у бар у выглядзе тэрасы, абысці які немагчыма. Там можна выпіць халоднай колы ці апельсінавага соку, прапусціць глыток рому ці віскі.

Прапускаем у прамым сэнсе гэтага слова і, выходзячы з бара, аказваемся на пясчаным пляжы, усыпаным гіганцкімі грыбамі з пальмавых галінак для ценю. Мора цёплае, уваход плаўны. Злева раскінулася бухта ў форме падковы з выратавальнай вышкай. Лю­дзей з прычыны камяністага дна ў ёй няма, затое нам там была любата. Часам здавалася, што гэта бязлюдны востраў, а мы Рабінзоны і Пятніцы…

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.

Фота забяспечана Ігарам Кіцікавым.

Выклікаў павагу ў мясцовых

На моры выратавальнікаў не было ўсе дзесяць дзён. А вось ля басейна глыбінёй 150 см дзяжурылі кожны дзень. Я вырас на Вішнеўскім возеры, Віліі і Вілейскім моры, дзе ў нас любімай забавай было пераплыць вадасховішча (два км), пагуляць у раненага Чапаева, які пераплываў Урал, прывязаўшы адну руку і заграбаючы другой, нырнуць на дно і ляжаць, пакуль лёгкія не пачнуць узрывацца. Любілі скакаць і рабіць нырца з берага, самаробнага трампліна, з плячэй сяброў, вышкі, моста…

Таму на моры я заплываў за буйкі, ныраў з парапета і, калі адсутнічаў кантроль з боку маёй другой палавінкі, з гэтай самай выратавалкі. Ерунда, метраў сем, не больш.

Ужо на другі дзень я злавіў на сабе погляд павагі. Арабскія хлопчыкі здароўкаліся са мной: HELLO, містэр, прывітанне, шэйх. Яны здавалі напракат квадрацыклы і прапаноўвалі віндсёрфінг, кайтынг, усе магчымыя снорклінгі і дайвінгі, а таксама марскі прагулкі пад парусамі.

Пасля некалькіх дзён адпачынку я заўважыў, што маладыя егіпцяне заходзяць у мора толькі па шчыкалатку, у крайнім выпадку – па калена ці па пояс. Потым да мяне дайшло, што абслуга – гэта дзеці пустыні і аазісаў, а калі і ёсць з берагоў Ніла, дык там жа кракадзілы. Значыць, яны проста не ўмеюць плаваць.

Чаго рабіць не варта

Ноччу хадзілі лавіць месяцавую дарожку. Але гэта небяспечна, бо можна наступіць на марскога вожыка. Яго ядавітыя іголкі могуць нанесці сур’ёзныя траўмы. Пашкоджаны ўчастак нямее і пачынаецца запаленчы працэс. Адзін мой напарнік па більярдзе так і скакаў тыдзень на адной назе.

Ноччу ў басейне таксама небяспечна купацца. Якраз тады, каб вада не ператварылася ў кішачы палачкамі вадаём, засыпаюць забойную дозу дэ­зінфекуючых  прэпаратаў і хімічных рэчываў. І купанне ў гэты час можа прывесці да апёкаў.

Але з намі нічога не здарылася, мы не пацярпелі ні ад вожыкаў, ні ад хлоркі. А можа ўдарныя дозы адрэналіну палохалі вось такіх начных насельнікаў Хургады.

Хочаце навучыцца справе, якая зробіць прафесіяналам з годным заробкам? Вілейскі дзяржаўны каледж запрашае!