Што цяпер адбываецца на рынку працы Мінскай вобласці, тлумачыць начальнік упраўлення па занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Антаніна Лаўрова.

У будаўнічай сферы працадаўцы найчасцей шукаюць муляраў, цесляроў-бетоншчыкаў, тынкоўшчыкаў, падсобных рабочых, піша БелТА.

У сельскай гаспадарцы не хапае аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, слесараў па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, ветэрынарных дактароў, заатэхнікаў, аграномаў.

На навучанне па запатрабаваных спецыяльнасцях органы занятасці сёлета да красавіка накіравалі 620 чалавек. Дапамаглі ўладкавацца на пастаянную працу 6,5 тысячы чалавек, у тым ліку 5 тысячам беспрацоўных.  

Фінансава падтрымалі 93 беспрацоўных, якія жадалі адкрыць уласную справу. Ім далі субсідыі ў памеры 1,5 мільярда.

Агулам сітуацыя на рынку працы Мінскай вобласці адпавядае прагнозам. Змяншаецца патрэба ў працоўнай сіле і павялічваецца рэгістрацыя беспрацоўя.

Узровень беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва складае 0,8% пры прагнозе на канец года 1,4%, адзначыла Антаніна Лаўрова.

– Колькасць зваротаў грамадзян у органы занятасці з просьбай дапамагчы ў працаўладкаванні апошнім часам павялічылася. Гэтаму паспрыяла прыняцце дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які накіраваны на легалізацыю працаздольных грамадзян, якія працуюць неафіцыйна. Таксама на ўцягванне ў працоўную дзейнасць незанятага насельніцтва. Зарэгістравалі звыш 1,9 тысячы чалавек, якія доўгі час не працавалі”, – распавяла Антаніна Лаўрова.

Патрэба ў кадрах, заяўленая наймальнікамі вобласці, – 3,2 тысячы вакансій.

З агульнай колькасці вакансій 63,6% прызначаныя для працаўладкавання рабочых.

У сярэднім па вобласці на адну заяўленую ў органы занятасці вакансію прыпадае 1,7 беспрацоўнага супраць 0,4 – у 2014 годзе.

Найбольшая напружанасць адзначаецца ў Вілейскім і Маладзечанскім раёнах і Жодзіне.