Такая сітуацыя магла здарыцца ў любым з сямі гарадоў рэгіёна, у якім выходзіць “Рэгіянальная газета”. Таму канкрэтызаваць не будзем, дзе менавіта гэта было.
Вечар. Гадзіна пік. У аўтобус уваходзяць кантралёры. Спыняюцца ля дзяўчыны, якая едзе без білета.
Далей паміж кандуктарам, кантралёрам і дзяўчынай адбываецца наступны дыялог:
Дзяўчына: Я не купіла білет, таму што кандуктар да мяне не падышла.
Кандуктар: Я спыталася, каму трэба білет, вы глядзелі ў акно і не адказалі мне.
Дзяўчына: Вы абавязаныя былі падысці да мяне!
Кандуктар: Не абавязаная. Я абавязаная абілеціць.
У размову ўступае кантралёр:
– Калі вы заходзіце ў аўтобус, вы самі павінны знайсці кандуктара і купіць білет. Так як і абавязаныя закампасціраваць білет. Таму плаціце штраф – 90 тысяч рублёў.
Дзяўчына:
Я не буду плаціць штраф. Да мяне толькі цяпер падышла кандуктар, таму вось грошы на праезд.
Кандуктар, кантралёр яшчэ некалькі хвілін патапталіся каля дзяўчыны. Кантралёр пагражала тым, што выкліча міліцыю і складзе пратакол.
Але праз некалькі хвілін пагроз здалася:
– Добра, на першы раз даруем. Але больш так не рабіце.
Пасля гэтага інцыдэнту засталіся нявырашаныя пытанні.
Хто ж павінны паклапаціцца пра набыццё білета: кандуктар ці пасажыр? Ці дастаткова ў выпадку праверкі кантралёра проста набыць білет і не плаціць штраф? Навошта тады працуюць кантралёры, калі яны “даруюць на першы раз?”
Пра білет павінны клапаціцца пасажыр
Па каментар мы звярнуліся да начальніка аддзела пасажырскіх перавозак аўтобуснага парка №4 Аляксандра Кавалёва:
– У правілах напісана толькі адно: пасажыр павінны паклапаціцца пра набыццё білета, а кандуктар пра тое, каб прадаць пасажыру гэты білет.
Хто да каго павінны падысці, у правілах не напісана. Аднак у інструкцыі па тэхніцы бяспекі ўказана, што кандуктару забаронена прадаваць білеты стоячы, калі няма магчымасці трымацца за парэнчы.
– А як быць з сітуацыяй, калі кантралёр даруе штраф?
– Складана сказаць. Трэба прысутнічаць пры гэтай сітуацыі. Здараецца, што кандуктар сядзіць і лялякае па тэлефоне, а чалавек стаіць з грашыма ў руках. Хаця часцей нашы людзі заходзяць у куточак, заціскаюць грошы ў кулачку і баяцца, што да іх падыдзе кандуктар.
Калі ў вас ёсць гісторыя, якая адбылася з вамі ў грамадскім транспарце, падзяліцеся ёю з намі.