Рэспубліканскае свята “Мая прафесія – мая будучыня” адбылося ў Маладзечне 23 мая.

У Палацы культуры прайшло ток-шоу “Формула паспяховага выбару прафесіі”. Падчас абмеркавання яе шукалі кіраўнікі прадпрыемстваў горада, дырэктары і навучэнцы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выпускнікі школ і гімназій, актывісты грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.

– Для павышэння якасці адукацыі трэба павышаць матывацыю тых, хто паступае. Варта больш актыўна право­дзіць прафарыентацыйную работу, на больш ранніх этапах выяўляць прафесійныя схільнасці дзяцей. Павінны быць высокакваліфікаваны персанал і,  безумоўна, сучасная матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, – адзначыў Міхаіл Клокель, дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.

Намеснік дырэктара гэтай установы Алена Галгоўская дадала, што вельмі важна ствараць імідж навучальнай установы, бо гэта візітная картка, ад якой залежыць колькасць абітурыентаў.

Вёў ток-шоу вядомы журналіст Павел Лазовік, выпускнік гімназіі №10 Маладзечна. Ён падзяліўся сваім досведам прафесійнага выбару:

– На творчы характар ​​маёй прафесіі шмат у чым паўплывалі заняткі ў тэатральнай студыі “Казка” ў цэнтры пазашкольнай работы. Яшчэ ў гімназіі у нас была свая газета. У старэйшых класах я быў яе рэдактарам. Канчатковы выбар зрабіў пасля наведвання дня адкрытых дзвярэй факультэта журналістыкі БДУ. Я вельмі люблю сваю работу. Яна не дае мне сумаваць, бо журналіст штодня сустракаецца з новымі людзьмі, і кожны дзень не падобны на іншыя. Гэта прафесія дае магчымасць пастаянна развівацца і дасягаць тых вышынь, аб якіх марыш.

А вось пераможца рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, настаўнік гісторыі СШ №11 Віктар Жук прызнаўся, што ажыццявіў сваю мару толькі напалову, бо хацеў стаць гісторыкам-медыявістам, вывучаць эпоху сярэднявечча, яе побыт, традыцыі, бітвы. Але зараз ні пра што не шкадуе.

Падчас ток-шоу працаваў маладзёжны прэс-цэнтр маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”. Выпускнікі падзяліліся з юнымі журналістамі сваімі планамі на будучыню.

– Я выбрала для сябе прафесію хіміка-эколага, якая ў нашай краіне з’яўляецца новай. З самага дзяцінства марыла дапамагаць прыродзе і наваколлю, таму абсалютна ўпэўненая ў правільнасці свайго выбару, – распавяла Марыя Андрыяновіч, вучаніца гімназіі №3 Маладзечна.

Сустрэць у жыцці лю­дзей, якія дапамогуць у правільным выбары прафесіі, а таксама адкрыць у сабе задаткі і зразумець, што табе бліжэй, – вось формула паспяховага выбару прафесіі.

– Перад выпускнікамі адкрыты тысячы дарог, і любая з іх у роўнай меры даступная кожнаму. Таму вучыцеся, вырашайце і будзьце паспяховымі, – пажадала рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі доктар педагагічных навук Аксана Папова.