Ахвярамі бізнесу на ахвотных знайсці працу сталі віляйчане.

Жыхарка Вілейкі 15 мая звярнулася ў райаддзел унутраных спраў з заявай, у якой прасіла разабрацца, ці законныя дзеянні індывідуальнага прадпрымальніка.

У паштовай скрыні жанчына знайшла рэкламную ўлётку з прапановамі працаўладкавання. У ёй абяцалі “самыя лепшыя вакансіі” – ажно больш за тысячу – і высокую зарплату. Хочаш, працуй вахтавым метадам: ад дворніка да муляра. А хочаш – дапамогуць знайсці такую падпрацоўку, што і з дома выходзіць не трэба. Дастаткова пазваніць па пэўным нумары. І прыпіска “званіць з дамашняга тэлефона”. Расцэнкі на паслугі не ўказаныя. 

Сын жанчыны якраз шукаў працу. Некалькі разоў ён патэлефанаваў, нядоўга пагаварыў. Яму далі нумары тэлефонаў некалькіх арганізацыі. Паўсюль адказалі, што месцаў для працаўладкавання ўжо няма. 

Знайсці працу з дапамогай тэлефанавання віляйчанін не змог. Неўзабаве сям’ю чакаў непрыемны сюрпрыз – за кошт гэтых званоў рахунак за паслугі сувязі павялічыўся на 400 тысяч рублёў. 

Пра гэта расказаў часовы выканальнік абавязкаў намесніка начальніка Вілейскага РАУС Дзмітры Антановіч. Ён дадаў, што па заяве вядзецца разбор.

Трапіць на нумары з шалёнымі расцэнкамі сувязі можна, не толькі пачытаўшы ўлётку пра дапамогу ў працаўладкаванні. У інтэрнэце таксама падобных аб’яў хапае.

Людзі ж, якія скарысталіся паслугамі падобных службаў, дзеляцца, што часта яны бяруць вакансіі проста з адмысловых сайтаў.   

 Кошт званка можа даходзіць да 600 тысяч рублёў за хвіліну

Непаразуменні з платнымі даведачна-iнфармацыйнымі службамі ўзнікаюць пастаянна. Гэта і зразумела, бо званок у такія службы можа каштаваць часам да 600 тысяч рублёў за хвіліну.

З-за шматлікіх зваротаў Белтэлекам ужо не раз раіў ўважліва вывучаць  інфармацыю аб умовах такіх паслуг і іх цану.

Паслугі платнымі даведачна-iнфармацыйнымі службамі прапаноўваюцца з выкарыстаннем трохзнакавага нумара альбо доўгіх нумароў, якія пачынаюцца з 8-902 ці 8-602-60. Тарыфы ўладальнікі службаў устанаўліваюць самі.

Тры секунды, каб пакласці трубку

Уладальнік платнай службы абавязаны размясціць галасавое паведамленне на працягу нетарыфікуемага (які не аплачваецца) інтэрвалу. Таксама даць тры секунды на тое, каб абанент змог пакласці трубку, калі кошт паслуг яго не задаволіў альбо перадумаў карыстацца паслугай. У галасавым паведамленні павінна быць указанне кошту званка або паведамленне, што паслуга платная, а таксама паведамленне “Застаючыся на лініі, Вы даяце згоду на аплату паслугі”.

Калі абанент праслухаў галасавое паведамленне і адразу паклаў трубку, аплата не павінна налічвацца. Калі ж застаўся на лініі, то адлік пайшоў.

У нашым выпадку, па словах жанчыны, які тарыф за хвіліну, разабраць па тэлефоне было цяжка. Таму, калі ўдасца даказаць, што ўладальнік службы не выканаў вышэйпералічаныя правілы, карыстальнік мае права патрабаваць вяртання грошай.


Даведка “РГ”. Пры нязгодзе з выстаўленым рахункам па паслузе платнай даведачна-інфармацыйнай службы і адмове аплаты паслуг, абанент можа аплаціць толькі паслугі  Белтэлекама. У гэтым выпадку тэлефон не адключаць.

Паводле Белтэлекама

Найцяжэй з працаўладкаваннем на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне. Патрэбныя будаўнікі і сельгасработнікі