Пра тое, як хадзіла ў цырульню мама і што значыла прыгажосць валасоў для яе сваякоў, піша Таня Скарынкіна.

У сімпатычнай Г. ззяе твар:

— Надо уходзіць от длінной чолкі! Так мне сказала мая парыкмахерка, мы з парыкмахеркай многа экспеременціровалі. І рашылі — надо открываць лоб. Ну как?

Чалавека толькі з цырульні адрознівае ад нястрыжаных не толькі ўпарадкаваная галава, але і асаблівы ўрачысты выгляд. Праўда, крыху наіўны. Бо не мае чалавек з цырульні стоадсоткавай упэўненасці ў прыгажосці новай прычоскі сваёй, таму свежапастрыжанага хваліць трэба. Хвалю:

— Памаладзела!

З дзяцінства ведаю — гэта правільная ацэнка абноўленай галавы. У дзяцінстве, калі мама пастрыгала мне чупрыну, дык было смешна з гэтай пахвалы. Змахвае валасы з твару:

— Памаладзела на 5 гадоў!

А мне 10.

Фота budzma.bу.

Фота budzma.bу.

Здымак, пазычаны ў сяброўкі: смаргонцы з моднымі прычоскамі ў Амерыцы, 20-я гады. Сувязі з радзінай на дадзены момант згубленыя.

Уласную ж галаву мама давярала толькі цырульнікам. Раз на тыдзень рабіла ўкладку. Вядомая справа, што клапацілася аб захаванні складанай прычоскі цягам сямі дзён. Бывае, у дождж нацягне цэлафанавы пакет на галаву і асаніста выступае з празрыстым высокім каўпаком, нібы ведучы ў атаку нябачнае войска, а я мару праваліцца скрозь тратуарную плітку  — такая ганебшчына, белым днём, з пакетам на галаве! Каб я ведала тады, што аўтар улюбёнай казкі “Гарадок у табакерцы” Уладзімір Адоеўскі насіў паўмятровы каўпак, значна лаяльней ставілася б да пакета…

Памятаю і станоўчае, як залятала ў цырульню з вулічнай спякоты па капейкі на марозіва ці кіно, а ўнутры прахалода, спецыфічныя хімічныя пахі лунаюць над наведнікамі, па сценах фотаздымкі мадэльных прычосак, якіх ніколі не насілі звычайныя людзі. Там, унутры цырульні, шматслойны гул ад ляскання нажніц, ад галасоў у чарзе, ад гутарак цырульніц з кліентамі, ад сушылак. І калі мамы няма ў крэсле свайго майстра — заўсёды адной і той самай Іры, значыць, мама сушыцца. Бягу ў сушыльную залу і адразу знаходжу маму па нагах (галовы ж пад грувасткімі плафонамі), самых загарэлых і стройных, з чырвоным педыкюрам. Мне падавалася, мама бавіла ў валасяным царстве ўвесь дзень. Але для малых час доўга цягнецца, таму на ўсякі выпадак удакладняю. Мама падрабязна апавядае:

— Два часа — не меней. Кожнае васкрасенне. А калі таржаство, дык і средзі недзелі. Прыходзіш — очэрэдзь. Тады не запісвалі, усе “в порядке живой очереди” шлі. Іра накруціць, я толькі ў Іры Грывіцкай стрыглася, і на 20 мінут іду сушыцца. Раскручвае і начос дзелае. Уложыць, лакам паліе — как абычна.

Фота budzma.bу.

Фота budzma.bу.

Старэйшая маміна сястра Яня і яе калега — кравец Міша па мянушцы “Храмы”, з неверагоднай прыгажосці валасамі, што нават перамалявала яго.

— Іра спрашывала, як стрыгчы?

— Не спрашывала. Парыкмахер знала, што всегда адно і то же.

— І не саветавала новага анічога?

— А што было саветаваць? Німа чаго было саветаваць в те времена.

— Хімзавіўку ты часта дзелала?

— Хімію раз в год. Красілась “Ірыдай” пачці каждую недзелю. Рана стала красіць валасы. Столька врэмені галава атнімала. А што я магла ізменіць? Каб волас быў добры… А то як у беднага на полі. У меня валасы найгоршыя з сям’і былі, але после, як паўзраслела, сама разабралася, што і як. Ніхто не верыў, што не свая прычоска..

— А сколька стоіла в парыкмахерскую схадзіць?

— Не помню. Но дорага — нікагда парыкмахерская дзешовая не была.

— Мне казалась, што дзёшава ўсё савецкае..

— Дзёшава, дык а зарплата якая была. А цэны пріравнівалась к зарплаце. Все людзі работалі в госучреждзеніях і все былі ущемлены. Ніхто ні рубля не мог пазволіць себе патраціць лішняга. Ураўніловка. Парція, еслі хто не работаў, то браць на парукі вынуждала. На завод алкаголіка пруць, і ён там балтаецца…

Фота budzma.bу.

Фота budzma.bу.

Здымак таксама ад сяброўкі: Ліда, вучылішча механізатараў. Звярнуць увагу на другога выкладчыка злева — першы рад.

Бачу, размова выходзіць за рамкі тэмы. Ды і мама пачынае раздражняцца. Трэба паварочваць у юнацкае мінулае. Ёй заўсёды там утульна. Пытаюся пра тое, як даглядалі валасы ў тыя часы.

—  Каб памыць галовы, налівалі вады ў бак ці балею, абвязвалі зверху анучай, сыпалі туды попел. Пакуль мыліся ў бане, яно настаівалася. Анучу з попелам акуратна здымалі і апаласківалі біксай…

— Біксай? Што гэта?

— Кансервная банка вялікая літровая, ручка з провалакі.  Цёця называла яе біксай, і мы следам так казалі.

— Адмывалася добра попелам?

— Канешна! А яшчэ ганофер мы рвалі. Такое расценіе ў гародчыку расло, у цветніку, ціпа хрэна на від. Кідалі ў ваду з попелам. Надта запах быў прыятны ад яго. Людзі ўсякае прыдумаюць, калі німа дзе купіць. Мамуся сама дажэ мыла варыла — брала косці гавяж’і, брала сіні камень, наверна, эта медны купарос. Яно застывала, і было мыла хазяйственнае. Цяжка жылося, але даглядалі сябе. Дажэ мужчыны. Эдзя (старэйшы брат) дзелаў завіўку. У астальных братоў валасы віліся, а ў Эдзі валасы як драты. Яго называлі “Востры”, што волас жосткі меў. Я всегда Эдзю после бані абслужывала. Бралі з лёну швілныя ніткі.

— Швілныя, якія гэта?

— Скручаныя, стрышчэныя яшчэ казалі, бо тры ніткі ў адну, прадзеныя на калаўроце.

Фота budzma.bу.

Фота budzma.bу.

Мама з укладкай падчас свайго 50-га юбілею (у акулярах).

Ніткі крэпкія, мяшкі імі сшывалі. Мы з Эдзяй пасля бані шлі на сонца, на прысвіронак.

— Прысвіронак? Не ведаю..

— Ну, перад свіранам ціпа веранды.

— Свіран? Раскажы пра свіран..

— У свіране храніліся пшаніца, авёс, гарох. Ён быў раздзелены перагародкамі — каўтухамі. Сугуба для зярна. Плюс калбасы вешалі — там суха было. А мы на прысвіронку, красівы быў прысвіронак у нас, з Эдзяй бралі ніткі, і я ад уха да уха рабіла валну. Накручу нітку на адно вуха, правяду праз галаву, накручу на другое, і так уся галава ў нітках. А калі галава высыхала — андуляцыя была відаць.

— Андуляцыя?

— Хімічэская завіўка па-польску, наверна.

Іншапланетнік Прот (Кевін Спэйсі) з фільма “Планета Ка-Пэкс”, які пачала глядзець на раніцы, абавязкова пракаментаваў бы на месцы мамы: “Для адукаванага чалавека ты занадта часта паўтараеш словы суразмоўцы”. Але, на шчасце, мама — не іншапланетнік…

Я палезла ў слоўнік, дакладна: ondulacja. А каўтуха і ганофера не знайшла…

Фота budzma.bу.

Фота budzma.bу.

Здымак ад сябра: стрыжка за гаражамі ля ракі Гервятка.

Глянула на гадзіннік — бог мой! Найбліжэйшыя склепы зачыненыя. Пацягнулася ў дальні, што працуе да адзінаццаці. Зваротнай дарогай успомніла сямейную гісторыю, якая тычыцца расказвання. Калісьці ў даўнія часы сярэдняя маміна сястра Марыя пасварылася з мужам і прыйшла ў госці да мамусі з татусем адна, мала таго — “ненакручаная”. Татусь не звярнуў увагі на заплаканыя вочы:

— Марыя, усё што заўгодна можа быць у галаве, але каб на галаве быў парадак. Трэба паважаць сябе і родных, якіх судзяць у тым ліку і па тваім, Марыя, выглядзе. Ніколі не выходзь з хаты без прычоскі! Гэта тычыцца ўсіх!

А дачок было чатыры. Яны ўсё жыццё выконвалі запавет дзядулі. Яны расказалі гісторыю пра Марыю сваім дзецям. Думаю, дай занатую, можа, каму на карысць. Мне дык без патрэбы, бо коратка стрыгуся і наогул мару пагаліцца пад нуль.

«Но в целом збіраў и сдавал пустые бутылки» – з новай кнігі Тані Скарынкінай