Чым бліжэй лета, тым больш думак аб адпачынку. Але як зладзіць сабе прыгоду з мінімальнымі выдаткамі? “Рэгіянальная газета” прыдумала для сваіх чытачоў некалькі варыянтаў бюджэтнага адпачынку.

Бясплатны пракат турыстычнага рыштунку

Турыстычны рыштунак накшталт палатак і спальнікаў можна ўзяць цалкам бясплатна на сайце stuffmates.com. Людзі, натхнёныя ідэяй сумеснага спажывання, ахвотна дзеляцца сваімі рэчамі, якімі яны рэдка карыстаюцца.

Так вы можаце сабраць усю неабходную экіпіроўку і вярнуць яе пасля свайго падарожжа, не зрабіўшы ніякіх выдаткаў. Праўда, большасць “донараў” знахо­дзяцца ў Мінску, але мы спадзяёмся, што нашы чытачы таксама падключацца да гэтага руху.

Водныя падарожжы

Цяпер, калі ў вас на руках ёсць неабходны рыштунак, можна адпраўляцца даследаваць прыроду Беларусі. Мы раім ўзяць напракат байдарку, лодку або каноэ.

У інтэрнэце можна знайсці варыянты ад 220 тысяч да 700 тысяч рублёў за суткі. Некаторыя фірмы могуць даставіць судны ў любы рэгіён Беларусі.

Мы звярнуліся да Паўла Пыхціна, які штогод сплаўляецца па беларускіх вадаёмах:

– У нас няма горных рэк і занадта стромкіх плыняў, таму ніякіх асаблівых навыкаў для кіравання не трэба. Смела бярыце байдарку і адпраўляйцеся ў прыгоду! Кіраваць байдаркай вельмі проста – вы зразумееце гэта літаральна праз дзесяць хвілін пасля адплыцця. Будзьце акуратныя на паваротах і ніколі не плавайце бокам. Усе каштоў­насці лепш за ўсё пакласці ў гермамех, а яго – у заплечнік. Тады вашы каштоўныя рэчы не прамокнуць.

А калі будзеце рабіць стаянку, то выцягніце байдарку на бераг і перавярніце. Уся вада, якая ў любым выпадку патрапіць унутр, выцеча і высахне. На ўсялякі выпадак лепш яшчэ і прывязаць судна да дрэва.

Будуем плыт

Калі ж вы сумняваецеся ў сваіх навыках веславання, то можна пабудаваць плыт і не спяшаючыся сплаўляцца на ім па плыні. Умельцы раяць рабіць яго з пластыкавых бутэлек.

Для пабудовы плыта спатрэбіцца шмат пластыкавых бутэлек ёмістасцю 1,5 літра, некалькі дошак, вяроўкі і вялікія мяшкі. Яны могуць быць ад цукру або ад мукі.

У кожны з мяхоў можна пакласці каля 30 бутэлек. Размяшчаць іх варта вертыкальна ў два рады. Колькасць патрэбных мяшкоў вызначайце самі, улічваючы, наколькі вялікі плыт вам патрэбны.

Затым вырабіце з дошак каркас для плыта. Каб змацаваць паміж сабой дошкі, выкарыстоў­вайце балты М10-М12, дзякуючы якім вы забяспечыце прастату і на­дзейнасць канструкцыі. Далей вам неабходна замацаваць мяхі з бутэлькамі на сабраным драўляным каркасе. Выкарыстоўвайце для гэтага звычайную моцную пяньковую вяроўку. Мяхі варта размяшчаць непасрэдна пад каркасам.

Умацаваўшы мяшкі з бутэлькамі на каркасе, вы можаце лічыць, што плыт сабраны. Такі плыт можа спакойна вытрымаць 5-8 чалавек.

Цяпер вы можаце адпраўляцца ў займальнае плаванне!

А можа, у Мінск?

А калі вы вырашыце замест прыроды адправіцца на прагулку ў сталіцу Беларусі, то рэкамендуем ўзяць напракат ровар. Акрамя звычайных велапракатаў, ёсць і некалькі бясплатных. Так, кампанія А100 ўжо другі год праводзіць акцыю “Веласіпед за “дзякуй”, дзякуючы якой любы ахвотны можа ўзяць ровар на дзве гадзіны.

Сёлета акцыя будзе доў­жыцца ад 11 ліпеня да 31 жніўня. Таксама ў бліжэйшы час стартуе кампанія “Добры ровар” пры падтрымцы Мінскага веласіпеднага таварыства. У рамках гэтай акцыі жыхары і госці Мінска змогуць браць ровары напракат цалкам бясплатна. Падрабязнасці можна даведацца на сайце bike.org.by.

Таццяна КАПІТОНАВА, Мінск.

Даведка “РГ”. Байдарка – маламернае лёгкае судна, для кіравання якім выкарыстоўваецца двулопаснае вясло. Весляры сядзяць адзін за адным, тварам у бок руху.         

Каноэ – маламерная лодка, для кіравання якой выкарыстоўваецца адналопаснае вясло.