Героі нашай мінулагодняй публікацыі да 1 верасня Юля Канапелька і Уладзіслаў Воўк на гэтым тыдні заканчваюць вучобу ў першым
і 11 класе.
Мы зноў сустрэліся з Юляй і Уладам, каб спытацца, што змянілася ў іх жыцці за год. Ці збыліся чаканні і мары?
Юля: за год вывучыла англійскую мову і вызначылася з прафесіяй
Юля перад першым верасня спадзявалася на тое, што настаўніца будзе добрай, марыла навучыцца складаць лічбы.
– Юля, колькі будзе 2+2?
– Чатыры! – адразу адказвае Юля. – Я навучылася лічыць да мільярда, а таксама магу гаварыць па-англійску і па-беларуску!
Самы любімы прадмет у Юлі той, на якім можна пісаць.
– Што, і адзнакі вам ставяць?
– Канешне, самая лепшая адзнака – гэта М.
– А што гэта значыць?
– Маладзец! Толькі ў мяне ў сшытку дзве такія адзнакі. А так ёсць “добра”, “не пастаралася”.
Год таму Юля казала, што калі пойдзе ў школу, абавязкова будзе хадзіць на танцы і на ўшу.
– А што такое ўшу? – пытаецца ў мяне Юля сёлета.
А на танцы дзяўчынка, насамрэч, ходзіць. Яна займаецца хіп-хопам.
– Бачыце, у нас у класе кніг няма. Мы іх ужо здалі. Таму што вучыцца засталося два дні. А потым лета. Буду гуляць, асабліва ў шашкі.
– Юля, год таму ты хацела стаць прадавачкай кавуноў. Мара не змяніла?
Юля з хвіліну глядзіць на мяне моўчкі, а потым кажа тонам, быццам гэта я першакласніца і нічога не разумею:
– Я буду выступаць у цырку! Буду клоўнам. Хаця не, буду тым, кім возьмуць. Працаваць я буду ў Мінску.
Улад: паступіць і дакладна пачне вучыцца
Улад напярэдадні апошняга званка вельмі заняты.
– Вучоба? – пытаюся ў яго пры сустрэчы.
– Ды не! Рэпетыцыя апошняга званка. Мне сёння сказалі, што я вядучы.
– А год таму вы казалі, што пачняце вучыцца з першага верасня?
– Ну, я так сабе казаў апошнія гадоў пяць. Вось паступлю і дакладна пачну вучыцца!
– Цяпер хоць вызначыліся з тым, куды паступаць будзеце?
– Не, думаў спачатку ў БНТУ, як палова маіх аднакласнікаў, а цяпер думаю, што не хачу.
На пытанне, ці адчувае Улад, што хутка закончыцца вучоба ў школе, ён адказаў, што адчувае:
– Я раней мала кантактаваў з аднакласнікамі, а цяпер сам адчуваю, што мне цікава з імі гутарыць, праводзіць разам час. І хочацца нагаварыцца перад тым, як разыдземся ў розныя бакі.
Цяпер Улад заняты падрыхтоўкай да выпускнога. І з уборам ужо вызначыўся:
– Гэта будзе сіні пінжак у клетку, белая сарочка з чырвонай бабачкай і якія-небудзь кеды. Я не разумею тых, хто набыў на выпускны касцюм за 6 мільёнаў. А ёсць і такія.