Пра сваю гісторыю знаёмства з “РГ” распавядае кіраўнік Вілейскай суполкі таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Дзяніс Канецкі:

– Актыўным чытачом “Рэгіянальнай газеты” я стаў дзякуючы кур’ёзнаму выпадку на працы.

Пасля каледжа пай­шоў працаваць ў Вілейскія электрычныя сеткі. У той час начальнікам там быў Анатоль Валянцінавіч Рогач. Гэта надзвычай цікавы чалавек, краязнаўца, які глыбока вывучаў гісторыю Вілейшчыны. Ён быў чытачом і актыўным аўтарам “РГ”.

Аднойчы Анатоль Валянцінавіч завітаў да нас у брыгаду і заў­важыў нейкія недахопы. Увечары выклікаў мяне да сябе ў кабінет і загадаў, каб заўтра ж прынеслі квіток на паў­гадавую падпіску на “Рэгіянальную газету”.

Атрымаўшы першы нумар “РГ”, я быў вельмі ўражаны зместам артыкулаў пра гісторыю нашага і суседніх раёнаў. І ужо на наступны тыдзень з нецярплівасцю чакаў новы нумар.

“РГ” дае магчымасць пазнаёміцца не толькі з гісторыяй рэгіёна, але і з людзьмі, якія цікавяцца гэтым. Дзякуючы ёй можна завязаць знаёмствы з аднадумцамі. Я не ведаў пра многіх цікавых краязнаўцаў рэгіёна, але сустрэў іх на старонках “РГ”.

Вось таму я і сёння чытаю “Рэгіянальную газету”.

Чаму я чытаю “Рэгіянальную газету”, распавядаюць вядомыя людзі з нашага рэгіёна