Адзінае аддзяленне паліятыўнай медыцынскай дапамогі ў рэгіёне месціцца ў Ільі.

Невылечна хворы чалавек таксама не павінны пакутаваць. Менавіта для таго, каб аблегчыць боль, існуе асобны раздзел медыцыны – паліятыўная тэрапія.

Пра тое, для каго такая галіна медыцыны неабходная і чаму для яе прадугледжанае цэлае аддзяленне, распавядае галоўны пазаштатны спецыяліст Мінскай вобласці па паліятыўнай медыцынскай дапамозе даросламу насельніцтву загадчык Ільянскай участковай бальніцы Юры Панятоўскі.

– Наша першачарговая задача – абязбольванне, – распавядае доктар. – Ёсць вядомая фраза, што боль – вартавы сабака здароўя. Ён як сігналізацыя: дакрануліся да гарачай пліты – рука забалела. Яе рэзка прынялі і не атрымалі апёк. Цяпер мы дадаём да фразы працяг: галоўнае, каб гэты сабака нас не загрыз. З памочніка боль можа ператварыцца ў вялікага ворага. Раней і я казаў пацыентам: баліць – прыміце лекі, можна цярпець – цярпіце. Цяпер сітуацыю медыкі перагледзелі: болю не павінна быць. Ён запускае небяспечныя працэсы ў арганізме: пакутуе сэрца, нервовая сістэма, павышаецца ціск. Таму мы змагаемся з болем усімі магчымымі сродкамі. Гэта тычыцца не толькі анкалогіі, але і іншых хвароб.

Загадчык Ільянскай участковай бальніцы Юры Панятоўскі. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Загадчык Ільянскай участковай бальніцы Юры Панятоўскі. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Паліятыўная медыцынская дапамога – падыход да лячэння, накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця хворых і іх сямей, калі пацыенты сутыкнуліся з невылечнай хваробай.

Сутнасць у тым, каб аблегчыць пакуты хворага. Слова паходзіць ад лацінскага “pallium “, ці плашч, накідка. Паліятыўная дапамога нібы пакрывалам ахінае хворых, каб суцішыць боль.

Раздзел паліятыўнай медыцыны бярэ пачатак ад анкалогіі. Менавіта пры гэтай хваробе, калі яна знаходзіцца ў тэрмальнай, ці апошняй стадыі, найчасцей неабходная дапамога. У такім стане спецыяльныя метады лячэння ўжо не паказаныя. А чалавеку, гаворачы прама, неабходна дапамагчы так, каб ён не пакутаваў ад болю да канца жыцця.

Хворых на анкалогію будзе ўсё больш

Разлічваючы аддзяленне, кіраўніцтва арыентавалася на сусветныя патрэбы: дзесяць ложкаў на паўмільёна чалавек. У Ільі пакрылі норму з запасам, таму што павялічваецца колькасць анказахворванняў.

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 23 краінах сярод прычын смерці анкалогія выйшла на першае месца, апярэдзіўшы сардэчна-сасудзістую паталогію.

– Гэта не значыць, што ёсць нейкая эпідэмія, каментуе Юры Панятоўскі. – Гэта заканамерны працэс. Мы пачалі жыць даўжэй. Чым даўжэй жыве чалавек, тым большая верагоднасць захварэць на анкалогію. Плюс адгукаецца экалогія.

Прытым, што анкалогія стала адной з галоўных прычын смерці, часта пацыенты застаюцца са сваёй хваробай сам-насам, разам са сваімі пакутамі, якія перацякаюць і на іх блізкіх.

– Калі жанчына зацяжарала, мы ставім яе на ўлік, рэгулярна бяром аналізы, пылінкі здзімаем, – распавядае галоўны доктар Ільянскай бальніцы. – Нарадзілася дзіця. Першы год яно як святое, медагляды штомесяц. У дзіцячым узросце таксама рэгулярныя агляды, аздараўленне. Чалавек вырас. Усеагульная дыспансерызацыя, ранняе выяўленне хвароб, прафілактыка. Захварэў – лечым. А як толькі апошняя стадыя раку – усе ўмылі рукі. Так быць не павінна. Вось мы і займаемся тым, каб такія хворыя атрымлівалі належны догляд.

Доктар агульнай практыкі Святлана Кулік. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Доктар агульнай практыкі Святлана Кулік. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Як працуе аддзяленне

Паказанні для паліятыўнай дапамогі – анказахворванні чацвертай стадыі. Апошняя стадыя з сардэчнай, пячоначнай, ныркавай або дыхальнай недастатковасцю. Магчыма, у будучыні пашыраць спіс захворванняў, пры якіх рэкамендуюць паліятыўную дапамогу.

Існуе як амбулаторныя дапамога, так і стацыянарная.

Стацыянарных аддзяленняў такога профілю ў Мінскай вобласці два. Адно ў Капыльскім раёне, другое – у Ільянскай участковай бальніцы. Да Ільянскай адносяцца 11 раёнаў, сярод якіх Валожынскі, Маладзечанскі, Мядзельскі і Вілейскі.

Аддзяленне паліятыў­нага лячэння займае крыло, якое назвалі хоспісам. Разлічанае на 25 ложкаў. У штаце на змену дзве санітаркі, працэдурная і перавязачная медсёстры, а таксама загадчык аддзялення, тэрапеўт і анколаг. Прадугледжаны псіхолаг. Сёння ў штаце ўкамплектаваны сярэдні і малодшы персанал на 100%, а дактары працуюць па сумяшчэнні. На сёння – 13 пацыентаў.

У кожным раёне замацаваны спецыяліст, які займаецца паліятыўнай медыцынскай дапамогай амбулаторна. У Мала­дзечне ёсць міжраённы кабінет паліятыўнай меддапамогі, які ўзначальвае Віктар Чарных.

Цэнтр кіравання болем ва ўніверсітэце Місісіпі. Фота ummchealth.com.

Цэнтр кіравання болем ва ўніверсітэце Місісіпі. Фота ummchealth.com.

Дапамагаюць не толькі хворым, але і іх сем’ям

Аддзяленне не абмяжоўваецца толькі абязбольваннем. Ёсць пацыенты, якім цяжка есці. Але каб забяспечыць неабходнае спажыванне, прадугледжваюць, напрыклад, харчаванне праз зонд. Медыкі здымаюць дадатковае ўскладненне. Калі анкалогія з рвотай, мусяць зняць рвоту. Калі хворы знясілены – трэба вярнуць страту спажыўных рэчываў.

Яшчэ некалькі год таму да хворага на анкалогію прыязджала “хуткая дапамога”, каб абязболіць. Цяпер ёсць лекі падоўжанага дзеяння. Гэта і таблеткі, і тэрапеўтычныя сістэмы, якія выглядаюць як пластыр. Дактары вылічваюць патрэбу ў прэпараце. У аддзяленні назіраюць, як уздзейнічаюць лекі.

Схема працы такая: прынялі чалавека, адпрацавалі схему абязбольвання для яго і перадалі калегам з дакладным разлікам дозы. Напрыклад, трэба пэўны пластыр, які варта клеіць на плячо на трое сутак, а пасля мяняць. І ўжо не трэба шпрыцы, не прывязаныя да “хуткай”.

Тут дапамагаюць не толькі пацыентам, але і іх блізкім – як даглядаць, перасцілаць, правесці прафілактыку пролежняў, прыклеіць пластыр.

– Гэта няпраўда, што да нас кладуць людзей, каб яны паміралі, – падсумоўвае доктар Панятоў­скі. – Да нас кладуць, каб аблегчыць пакуты.

Ільянскія медыкі сустракаліся з тым, што нават не ўсе калегі ведаюць пра аддзяленне. Калі вашым блізкім трэба паліятыўная дапамога, звяртайцеся па тэлефоне:

(801771) 76-4-75, Юры Лявонавіч Панятоўскі.