Ці ведаеце вы, што сярэдні ўзрост гульцоў футбольнай каманды “Маладзечна ДЮСШ-4” складае 24 гады?
А гэта значыць, што ў камандзе гуляюць як 18-гадовыя гульцы, Уладзіслаў Фядотаў, так і 35-гадовыя – Сяргей Дараховіч.
“Рэгіянальная газета” сустрэлася з двума гэтымі гульцамі, паміж якімі 17-гадовая розніца ва ўзросце, каб расказаць вам і зразумець самім, як у адной камандзе ўжываюцца такія розныя людзі. Чым яны захапляюцца, што іх натхняе?
Калі мы задалі першае пытанне, Уладзіслаў адказаў:
– А хай першы Сяргей Іванавіч адказвае…
– Вы старэйшых па імю па бацьку называеце заўсёды?
– Так, нават падчас гульні.
– Хаця атмасфера ў камандзе сяброўская, – дадае Сяргей. – Нават чацвёра нашых мінчан заўважаюць, што галоўнае ў камандзе – падтрымка.
Першае пытанне, вядома, было пра футбол. Першая футбольная каманда, якая захапіла нашых герояў настолькі, што яны вырашылі звязаць свой лёс з футболам, для Уладзіслава Фядотава была “Арсенал”, для Сяргея Дараховіча… “Маладзечна”. Тая самая каманда, якая грымела на ўвесь горад у 90-х гадах:
– Я памятаю той час, калі на стадыён прыходзіла столькі людзей, што не проста глядзелі стоячы, а глядзелі гульню седзячы на даху басейна, – распавядае Сяргей.
Сяргей Дараховіч пачынаў займацца ў Аляксандра Гармазы ў 1996 годзе, Уладзіслаў – сёлета.
– Ці змяніўся Аляксандр Гармаза за гэтыя 20 гадоў?
– Не, усё такі ж фанатык футбола, – смяецца Сяргей. – У мяне да Аляксандра Пятровіча быў іншы трэнер. Ён прыязджаў на трэніроўку, даваў нам мячык і з’язджаў на паўтары гадзіны таксаваць. Праз паўтары гадзіны вяртаўся і забіраў мячык.
З Гармазой такое не пройдзе. Ён прымусіць выкласціся па поўнай. Я думаю, што і цяпер ніхто нават з дарослых гульцоў не асмеліўся б патэлефанаваць Пятровічу і сказаць, што прапускае трэніроўку.
У мяне цяпер і сын у Аляксандра Пятровіча займаецца.
Пяць пытанняў пра футбол
Пытанні да футбалістаў | Уладзіслаў Фядотаў | Сяргей Дараховіч |
Ці памятаеце свой першы гол? | У мінулым годзе на абласным чэмпіянаце, калі гулялі супраць каманды са Стоўбцаў. Я тады забіў першы гол, а каманда выйграла з лікам 4:0. | Гэта было вельмі даўно, я не памятаю. Магчыма, калі ў 1996 годзе іграў за вобласць. |
У дзень гульні вы звычайна… | Паводжу сябе, як звычайна. Ну, магчыма, толькі больш размаўляю з іншымі, так хваляванне стараюся пераадолець. | Калі іграў у вышэйшай лізе, першай, настройваўся іначай. Цяпер гэта настолькі звычайна і штодзённа. |
З кім у камандзе сябруеце больш за іншых? | З Антонам Галгоўскім. Мы разам пачыналі займацца футболам і сябруем ужо гадоў пяць. | Канешне, з больш дарослымі гульцамі. З Мікалаем Татуном, Віталем Макрыцкім, Сашам Альховікам, з Антонам Шчэрбам. |
Ці маеце якую- небудзь мянушку? | У камандзе называюць Федзем. | Ужо называюць Іванычам. |
Калі б не сталі займацца футболам, які б спорт выбралі? | Падабаецца хакей, але не глядзець, а гуляць. | Не бачу сябе нідзе, акрамя футбола. |
І тры пра асабістае
Пытанні да футбалістаў | Уладзіслаў Фядотаў | Сяргей Дараховіч |
Ці памятаеце свой першы пацалунак? | Не, не памятаю. Ці, па праўдзе сказаць, я гэта ўтойваю. | Не, не памятаю. Але са сваёй жонкай Алесяй мы сябруем яшчэ са школы. Хутчэй за ўсё першы пацалунак быў з ёй. |
Самы прыемны падарунак які атрымлівалі ў жыцці? | Напэўна, усё ж ноўтбук на дзень нараджэння. | Нараджэнне сына Андрэя. |
Ваш ідэал жанчыны? | Я не думаў яшчэ пра гэта. | Жонка Алеся. |
“Маладзечна” на апошніх секундах матча прапусціла гол ад Ашмянаў –1:1