Футбольны клуб “Смаргонь” 31 мая дома прымаў “Ліду”.
Абедзве каманды выдатна правялі апошнія матчы. І тут гульню паказалі выніковую, асабліва ў пачатку.
Як у мінулым туры, у матчы з удзелам “Смаргоні” ў вароты абедзвюх камандаў уляцела пяць галоў. Аднак тут канчатковы вынік быў не на карысць смаргонцаў.
Ім пастаянна даводзілася адыгрывацца. Ужо да паловы першага тайма лік быў 2:2. У смаргонцаў першы гол у адказ забіў Сяргей Крот з пенальці, другі – Яўген Калінін.
У другім тайме каманды на дваіх забілі толькі адзін гол. На 58-й хвіліне вызначыўся гулец “Ліды”. І тут ужо адыграцца “Смаргонь” не здолела.
Галоўны трэнер ФК “Ліда” Максім Лычоў прызнаў, што “гульня была роўная і калі справядліва сказаць – нічыйная”.
Галоўны трэнер “Смаргоні” Мікалай Рындзюк у пасляматчавым каментары сказаў:
– Калі-небудзь гэта павінна было здарыцца. Крыўдна, што адбылося дома і пры сваіх заўзятарах. Што тут сказаць, тры галы прапусцілі з-за ўласных памылак. Скажам так, сёння ўдача была на баку “Ліды”.
Да гульцоў прэтэнзій няма, каманда настройваўся, змагалася. Але, паўтаруся, сапернік пакараў нас за ўласныя памылкі, – прыводзіць яго словы афіцыйны сайт клуба.
Пасля гэтай гульні “Смаргонь апусцілася з другога на чацвертае месца.
У наступным туры ў смаргонцаў ёсць добры шанец разжыцца ачкамі: 6 чэрвеня яны згуляюць у гасцях супраць аўтсайдара – “Рэчыцы-2014”.
Відэагляд матча з сайта fc-smorgon.by