У “Рэгіянальную газету” прыйшоў ліст. У ім чытач расказвае пра выпадак на аўтавакзале, які яго ўзрушыў.
– Быў на аўтавакзале, – піша чытач. – Мужчына аплачваў праезд карткай, і касірка папрасіла яго назваць пін-код, які набрала на тэрмінале сама. Такім чынам фактычна аплаціла за мужчыну яго карткай. З падобнай сітуацыяй на аўтавакзале сутыкаюся ўжо трэці раз. Першы раз падумаў – можа, збой які-небудзь, але цяпер бачу – такая практыка ў іх нярэдкасць. А між іншым, у чарзе стаяла каля 10 чалавек, і ўсе чулі пін-код.
Чытач пытаецца, чаму работнікі аўтавакзала пытаюцца ў кліентаў пін-код.
Каб адказаць на пытанне чытача, мы прадзяжурылі каля кас аўтавакзала цэлую гадзіну. І ні адзін чалавек не разлічыўся карткай. Давялося эксперыментаваць і працягваць у акенца касіру ўласную картку.
Калі той падсоўваў тэрмінал у акенца, спыталіся:
– Вы заўсёды даяце чалавеку тэрмінал, каб той разлічыўся?
– Так, – адказаў касір. – Я ні разу не пытаўся ў чалавека пін-код. І ведаю, што гэта рабіць забаронена.
– Пра тое, што ў пасажыраў пытаюцца пін-код, я чую ўпершыню, – адказвае начальніца аўтавакзала Людміла Бастынец. – Ніхто не звяртаўся са скаргамі.
Але Людміла Бастынец не выключае, што такія выпадкі маглі быць. Магчыма, кажа яна, людзі самі просяць касіраў набраць пін-код.
– Бывае, што чалавек не бачыць лічбы на тэрмінале або яму нязручна прасоўваць руку ў акенца, чаму б не дапамагчы чалавеку?
– Ці з’явіцца нарэшце банкамат на вакзале?
– Баюся, што ў бліжэйшым будучым не. Мы звярталіся да розных банкаў, і ўсе яны нам адмаўляюць. Гавораць, што гэта немэтазгодна. Тым больш, што вакзал працуе не круглыя суткі.