Начальнік Маладзечанскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў лічыць, што ў навале вусеняў вінаватыя самі жыхары:
– У такой колькасці вусені не з’яўляюцца проста раптам. Вясной ці з восені прапусцілі жыхары гэты момант, не пачалі змагацца, а цяпер ужо кажуць пра катастрофу. Я магу вас запэўніць, катастрофы няма. І яшчэ я ведаю, што гэтыя вусені у Чырвоную Кнігу не занесеныя, таму змагацца з імі можна і трэба.
Па словах Уладзіслава Чарнова, у сераду ў Беразінскае і Канюхі накіравалі самалёты з хімікатамі, труціць вусеняў паспрабуюць з паветра.
– Але і самі людзі могуць з імі змагацца. Вусені, наколькі вядома мне, ядуць лісце толькі ноччу, днём яны па ствалах дрэў спускаюцца на зямлю. Дык вось калі да дрэва прывязаць мех, можна пазбіраць вусеняў у такую кішэню.
Што датычыцца алергіі, Уладзіслаў Віктаравіч параіў не дакранацца да касматых шкоднікаў.
– Канешне, ураджаю шкада і яго ўжо не выратуеш. Але хочацца сказаць мясцовым жыхарам, каб не спяшаліся высякаць дрэвы. Вусені знішчаюць толькі лісце, калі знікнуць вусені, дрэва адродзіцца.