На Гродзеншчыне наводзяць парадак: балота Святое расшыраюць, а таксама з’явяцца новыя, асабліва ахоўныя, прыродныя тэрыторыі. Новы заказнік запланаваны і ў Ашмянскім раёне.
Пра гэта паведамляе Беларускі зялёны партал са спасылкай на “Гродненскую правду”.
Частку балотных зямель у раёне вёскі Азёры будуць паўторна забалочваць пасля неэфектыўна асушаных тарфянікаў. Унікальнае святое балота прырасце на паўтары тысячы гектараў.
Навукоўцы называюць балота “кавалкам тундры” ў нашых краях з адпаведнай флорай і фаўнай.
З’явяцца новыя заказнікі
На Гродзеншчыне створана 255 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, а гэта амаль 10% ад усёй тэрыторыі вобласці. Яны будуць павялічвацца.
Рашэннем аблвыканкама зарэзерваваная тэрыторыя ў Астравецкім раёне. Сёлета яе плануюць абвясціць заказнікам рэспубліканскага значэння “Белы Мох”. Яго плошча каля 800 гектараў.
Новы заказнік запланаваны ў Ашмянскім раёне на плошчы 3,7 гектара. Меркаваная назва – “Мікулішкі”.
Яшчэ два заказнікі з’явяцца ў Гродзенскім і Мастоўскім раёнах.