Забарона на наведванне лясоў з-за сухога надвор’я дзейнічае ўжо ў 90 раёнах краіны. Гэта 76% ад агульнай колькасці раёнаў краіны.
Зусім забаронена наведваць лясы ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Уведзена забарона ў 15 раёнах Мінскай вобласці, сярод іх лясы на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне.
Рашэнне прынятае ў сувязі з сухім і гарачым надвор’ем і высокай ступенню пажарнай небяспекі. Дзейнічае поўная забарона на наведванне лясоў (за выключэннем вытворчай і гаспадарчай неабходнасці).
У Міністэрстве лясной гаспадаркі не выключаюць, што да выхадных абмежаванні ўвядуць па ўсёй краіне, паведамляе прэс-служба ведамства.
– Мы добра памятаем сітуацыю з пажарамі, якая склалася ў вобласці мінулай восенню. Каб бяда не паўтарылася, прынятыя адпаведныя меры бяспекі, – адзначыў начальнік аддзела аховы, абароны лесу, палявання і паляўнічага турызму Мінскага ДВЛГА Сяргей Сянькевіч.
Чырвоны – забаронена наведваць лясы, жоўты, дзе могуць забараніць у бліжэйшы час. Карта Tut.by.