Забаранілі наведваць лясы ў сямі раёнах Гродзеншчыны, сярод іх Астравецкі і Смаргонскі.
Па словах галоўнага ляснічага Гродзенскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Эдуарда Лігера, у чэрвені на Гродзеншчыне было сем лясных пажараў агульнай плошчай 1,7 га. Самае буйное загаранне было ў Смаргонскім раёне –0,6 га.
Рашэнні аб забароне наведваць лясы прынялі ў сувязі з сухім і спякотным надвор’ем і наступленнем трэцяга-чацвертага класа пажарнай небяспекі. Забаронена наведваць лясы, акрамя вытворчай і гаспадарчай неабходнасці.
16 чэрвеня на мяжы з Літвой быў пажар, каб агонь не перакінуўся на нашу тэрыторыю, лясная ахова дзяжурыла на Астравеччыне. У нас загарання ўдалося пазбегнуць.
Паставілі фотапасткі і відэакамеры
Супрацоўнікі лясной аховы Гродзенскага ДЛВА з пачаткам пажаранебяспечнага перыяду патрулююць лясы ва ўзмоцненым рэжыме. У месцах, якія найбольш наведваюць жыхары вобласці, паставілі відэакамеры і фотапасткі.
Да 1 мая ўзаралі лясныя ўчасткі, асобныя тэрыторыі абгарадзілі шлагбаўмамі, каб туды не ездзілі на машынах.
Галоўны ляснічы адзначыў, што ў 90% выпадкаў пажары ў лесе адбываюцца па віне людзей.
За парушэнне наведваць лясы пагражае адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры да 25 базавых велічынь (да чатырох з паловай мільёнаў).
Калі парушэнне прывяло да знішчэння альбо пашкоджання лесу альбо тарфянікаў, штраф – ад 25 да 50 базавых велічынь (ад чатырох з паловай мільёнаў да дзевяці мільёнаў). За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжаны штраф да 12 базавых велічынь (да двух мільёнаў 116 тысяч рублёў).
На Маладзечаншчыне і Вілейшчыне забаранілі наведваць лясы (+карта па краіне)